Ад ЗША да Нідэрландаў. Заходнія палітыкі падтрымалі Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю
Заходнія палітыкі выступілі са словамі падтрымкі ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Дэмакратычныя сілы абвясцілі яго 29 траўня, у гадавіну затрымання блогера, аўтара Ютуб-канала «Краіна для жыцця» Сяргея Ціханоўскага.
Ціханоўскага затрымалі 2 гады таму ў Гродна ў выніку правакацыі на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне яго жонкі кандыдатам у прэзідэнты. Яго прысудзілі да 18 гадоў узмоцненага рэжыму зняволення, прызнаўшы вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні сацыяльнай варожасці, перашкодзе працы ЦВК, арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, нагадвае REFORM.by.
«У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю Латвія зноў заяўляе аб сваёй падтрымцы і захапленні мужнасцю і ўстойлівасцю тых, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь. Воля свабоды пераможа. За свабодную Беларусь у вольным свеце! StandWithBelarus», — гаворыцца ў паведамленні латвійскага МЗС у твітары.
Еўрадэпутат Ційс Ройтэн, які прадстаўляе Нідэрланды, апублікаваў відэазапіс свайго выступу ў падтрымку беларусаў.
«Сёння Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Важна, каб мы ўзмацнілі ціск на рэжым у Мінску. Мы пацярпелі няўдачу мінулым летам. Давайце зробім гэта цяпер. Мы цвёрда стаім за ўсіх, хто ў Беларусі і за яе межамі змагаецца за свабоду і дэмакратыю. У прыватнасці, мы думаем пра ашаламляльную колькасць палітычных зняволеных у Беларусі. Яны проста выказваліся, дапамагалі суграмадзянам, выступалі супраць тыраніі або паведамлялі пра яе. Мы з вамі. Вы вернеце сваю краіну і свабоду», — напісаў ён.
Са словамі падтрымкі выступіў дэпутат польскага Сейма, старшыня Камітэта па сувязях з палякамі за мяжой Роберт Тышкевіч.
«Сёння Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, абвешчаны Святланай Ціханоўскай у гадавіну арышту яе мужа Сяргея. Мы не павінны забываць, што народ Беларусі, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі, усё яшчэ змагаецца за свабоду сваёй краіны», — заклікаў палітык.
Да Міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю далучыўся дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
Міністр па еўрапейскіх справах Ірландыі Томас Бірн выступіў з заявай, у якой заклікаў вызваліць беларускіх палітвязняў.
«Я заклікаю ўсіх ірландцаў і дэмакратычна абраных прадстаўнікоў Ірландыі падтрымаць палітычных зняволеных Беларусі і справу, якую яны падтрымліваюць: дэмакратычную, справядлівую і свабодную Беларусь», — заявіў ён.
Камітэт абароны журналістаў заклікае звярнуць увагу на становішча беларускіх журналістаў.
«У гэты Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю КАЖ хоча звярнуць увагу на цяжкае становішча беларускіх журналістаў: тых, хто знаходзіцца ў турме, тых, хто ў выгнанні, і тых, хто ўсё яшчэ спрабуе паведаміць праўду знутры Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі, якая таксама прыводзіць даныя па журналістах у нашай краіне, якія знаходзяцца за кратамі.
«Мой муж быў ваеннапалонным, які адмовіўся быць вызваленым раней за іншых зняволеных. Святлана Ціханоўская таксама ставіць іншых на першае месца, адмаўляючыся ад прэферэнцый для свайго мужа і патрабуючы свабоды для больш за 1200 палітычных зняволеных у Беларусі. Я апладзірую яе самаадданасці і адвагі», — напісала амбасадарка ЗША пры ўстановах ААН у Рыме Сіндзі Макейн, удава сенатара-рэспубліканца Джона Макейна.
Са словамі падтрымкі выступіў брытанскі міністр па справах Еўропы і Паўночнай Амерыкі Джэймс Клеверлі.
«У гэты дзень Вялікабрытанія салідарная з народам Беларусі. Беларускі рэжым павінен быць прыцягнуты да адказнасці за рэпрэсіі супраць уласнага народа, які імкнецца да дэмакратыі і вяршэнства закона», — заявіў ён.