Супрацоўнікам МНС выдадуць табельную зброю, каб здушваць пратэсты
Выратавальнікам выдадуць зброю 15 чэрвеня. Пра гэта паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі ў эфіры тэлеканала СТВ.
![Скрыншот з эфіра СТВ Скрыншот з эфіра СТВ](/img/v1/images/mns_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Скрыншот з эфіра СТВ
«Першае — гэта ўнутраныя праблемы, праблемы, звязаныя з масавымі беспарадкамі. Таму ў інтарэсах органаў унутраных спраў мы будзем вырашаць гэтую задачу. У выпадку ўзброенага канфлікту і агрэсіі ў дачыненні да нашай краіны — у інтарэсах Міністэрства абароны», — патлумачыў Вадзім Сіняўскі.
Таксама ён распавёў, што не ўсе супрацоўнікі ведамства былі радыя новым працоўным мэтам:
«Шчыра кажучы, і нашы работнікі былі ўсхваляваныя: «А як мы будзем выконваць гэтую працу?». Але калі яны акунуліся ў працэс падрыхтоўкі, усё стала на свае месцы, усе выдатна разумеюць, чаму, калі і пры якіх умовах мы будзем займацца гэтай працай».
«Чым лепш мы будзем падрыхтаваныя, тым менш будзе магчымасцяў у нашых нядобразычліўцаў паспрабаваць выпрабаваць у чарговы раз беларускае грамадства на трываласць», — адзначыў міністр.