Адтэрмінаваны Армагедон

Інцыдэнт з удзелам Эстана Кохвера — афіцэрам эстонскай паліцыі бяспекі — адрадзіў у кагосьці ўжо прызабыты страх перад ядзернай вайной. А тое, што ён не націснуў на курок, магчыма, адтэрмінавала яе.



svaboda_imiepierija.jpg

Хто прыйдзе на дапамогу?

Эстонія  — любімы вораг Расіі. Яшчэ задоўга да таго, як абвясцілі «фашысцкай» Украіну, у расійскіх СМІ называлі Эстонію «запаведнікам нацызму». Менавіта ў Эстоніі, упершыню на постсавецкай прасторы, у 2007 годзе выбухнуў «рускі бунт». Палітычныя спрэчкі вакол пераносу помніка савецкаму салдату з цэнтра Таліна на Вайсковыя могілкі перараслі ў масавыя беспарадкі з падпаламі, пагромамі і рабаваннем у ноч з 26 на 27 красавіка. Эстонія вінаваціла Расію ў арганізацыі беспарадкаў і заяўляла пра планы падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту ў краіне.

У сеціве тады распаўсюджвалася заява ад імя нейкага атраду Арміі рускага супраціву «Калывань» з пагрозамі перайсці да ўзброенай барацьбы за стварэнне «незалежнай рускай дзяржавы на тэрыторіі Эстоніі». Аўтары заявы таксама звярталіся да Уладзіміра Пуціна з просьбай «прыняць рэальныя меры па абароне рускага народа Эстоніі — увесці ў Эстонію расійскія войскі». На шчасце, да ўвядзення войскаў справа не дайшла. Расія абмежавалася гнеўнымі заявамі, неафіцыйнымі санкцыямі супраць эстонскіх тавараў і аблогай эстонскай амбасады ў Маскве актывістамі пракрамлёўскага руху. Дзе-нідзе расійскія грамадзяне праяўлялі ўласную ініцыятыву, як, напрыклад, уладальнік адной рэстарацыі ў Яраслаўле, які павесіў на дзвярах шыльду з надпісам: «Эстонцам і сабакам уваход забаронены». 

Улічваючы гісторыю ўзаемаадносінаў з Расіяй, наяўнасць агульнай 300-кіламетровай мяжы з ёй і рэгіёну Іда-Вірумаа, насельніцтва якога на 73 працэнты складаецца з рускіх, зразумела, што цяперашнія падзеі на ўсходзе Украіны прымусілі Эстонію нервавацца. На пачатку ліпеня эстонскі прэзідэнт Тоомас Хендрык Ільвэс заявіў латышскаму часопісу «Ir», што «рыхтуецца да вайны». Пазней ён выказаў жаданне размясціць у Эстоніі пастаянную базу NАТO для абароны ад Расіі. 

На мінулым тыдні Талін прымаў у сябе амерыканскага прэзідэнта Барака Абаму. Ён меўся развеяць асцярогі балтыйскіх краінаў адносна сваёй неабароненасці перад агрэсіўным суседам. Абама запэўніў: дзеянні расійскага кіраўніцтва «падрываюць міжнародны парадак», аднак сябрам NАТO няма чаго баяцца. «Падчас доўгага перыяду савецкай акупацыі ваша паэтка Марыя Ундэр напісала верш, у якім крычала свету: «Хто прыйдзе на дапамогу тут, зараз?» Калі вы зноў задасце такое пытанне, адказ будзе ясны: NАТO, — звярнуўся да слухачоў амерыканскі лідар. — Вы ўжо аднойчы страцілі незалежнасць, але дзякуючы альянсу гэта ніколі не паўторыцца». І падмацаваў свае словы абяцаннем размясціць у Эстоніі часткі ВПС ЗША.

Шпіёнскі дэтэктыў

Толькі эстонцы ўздыхнулі з палёгкай, як трывожная навіна прыйшла адтуль, адкуль яе чакалі — з расійскай мяжы. Ранкам 5 верасня «невядомыя асобы, якія прыбылі з тэрыторыі Расіі» захапілі супрацоўніка эстонскай паліцыі бяспекі Эстана Кохвера, які знаходзіўся пры выкананні службовых абавязкаў, і зацягнулі на расійскую тэрыторыю. Тое, што пад час захопу была заглушаная радыё- і тэлефонная сувязь, а таксама выкарыстаныя дымавыя шашкі, наводзіла на думку аб працы прафесіяналаў. Але да вечара заставалася верагоднасць, што гэта крымінальны інцыдэнт без палітычнай падаплёкі. Кохвер займаўся барацьбой з арганізаванай злачыннасцю.

Але ФСБ Расіі заявіла аб затрыманні супрацоўніка эстонскай паліцыі бяспекі... на тэрыторыі Пскоўскай вобласці. Паводле ФСБ, Эстан Кохвер праводзіў тут «агентурную аперацыю». У нядзелю Лефортаўскі суд Масквы санкцыянаваў яго арышт на два месяцы па справе аб шпіянажы. 

«Эстонская паліцыя бяспекі, як ФБР у ЗША, мае справу з контрвыведкай і арганізаванай злачыннасцю. Проста ў некаторых месцах яны аказваюцца адным і тым самым», — напісаў 5 верасня на сваёй старонцы ў Twitter эстонскі прэзідэнт.

Трэба заўважыць, што ў дзень інцыдэнту эстонскімі і расійскімі памежнікамі быў падпісаны пратакол аб парушэнні дзяржаўнай мяжы Эстоніі. Тады абодва бакі пацвердзілі сваімі подпісамі, што на месцы здарэння былі знойдзены сляды ў напрамку з Расіі ў Эстонію і назад. Па версіі эстонскага боку, гэта даказвае, што Эстана Кохвера затрымалі менавіта на эстонскай тэрыторыі, пасля чаго даставілі ў Расію. Аднак 8 верасня прадстаўнікі расійскай памежнай службы раптам пайшлі на папятную. Як лічаць у Эстоніі, падчас складання пратаколу 5 верасня расійскія памежнікі маглі яшчэ нічога не ведаць пра спецаперацыю ФСБ на мяжы. Цяпер жа ім патлумачылі што да чаго. 

«Прыхлопні крата»

У выпадку праўдзівасці расійскай версіі гэтую гісторыю можна было б лічыць шараговым эпізодам супрацьстаяння спецслужбаў. Толькі хто ж цяпер паверыць Расіі? Апроч усяго іншага, расійскія спецслужбы не першы раз трапляюць у скандал, звязаны з выкраданнем чалавека на тэрыторыі іншай дзяржавы.

У кастрычніку 2012 году гэта быў Леанід Развазжаеў, памочнік апазіцыйнага дэпутата расійскай Дзярждумы Іллі Панамарова, фігурант «Балотнай справы», якога выкралі ў Кіеве. Паводле ж версіі Следчага камітэту РФ, ён сам звярнуўся да іх, каб напісаць яўку з павіннай. А ў ліпені бягучага году — украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая аказалася ў расійскай турме праз нейкі час пасля таго, як трапіла ў палон да сепаратыстаў пад Луганскам. Следчы камітэт РФ на блакітным воку сцвярджае, што яна нібыта перайшла расійскую мяжу пад выглядам уцякачкі і была затрыманая на расійскай тэрыторыі.

Не паверылі ў версію ФСБ многія заходнія СМІ. Найчасцей інцыдэнт на расійска-эстонскай мяжы ўвязваюць з візітам Барака Абамы ў Талін, бачачы ў ім жаданне Пуціна паказаць, хто сапраўдны гаспадар у гэтай частцы свету. Ці шырэй — з новым вітком супрацьстаяння паміж Расіяй і Захадам, звязаным з падзеямі на ўсходзе Украіны. 

Як піша Кімберлі Мартэн ў The Huffington Post, з боку Пуціна гэта працяг гульні «прыхлопні крата», якую ён навязаў Украіне. Ёсць такая папулярная гульня на амерыканскіх кірмашах. Стаіць вялікі апарат з дзіркамі, адкуль перыядычна вылазяць краты, задача гульца — паспець ударыць па ім малатком. У адным месцы прыхлопнеш, а ў іншых яшчэ некалькі вылезе, толькі паспявай лупцаваць. Так і Пуцін: то «зялёныя чалавечкі» ў Крыме, то «апалчэнцы» на Данбасе, то «гуманітарны канвой», то танкавыя армады. Цяпер вось выкраданне супрацоўніка паліцыі бяспекі на тэрыторыі краіны-чальца NАТO.

Кімберлі Мартэн звяртае ўвагу на тое, чаму NАТO не ў стане ўгнацца за Пуціным у гэтай гульні. У адрозненне ад гаспадара Крамля, кіраўнікі дэмакратычных краінаў мусяць думаць пра рэакцыю СМІ і грамадскае меркаванне. Праз адкрытасць дзейнасці альянсу, ад ваенных выдаткаў да прымянення сілы, ён пастаянна робіцца аб'ектам спрэчак і крытыкі. Да таго ж, яго рэакцыя запавольваецца неабходнасцю ўзгадняць пазіцыі 28 дзяржаваў — чальцоў альянсу. Сілы хуткага рэагавання ва Усходняй Еўропе, аб стварэнні якіх было заяўлена на апошнім саміце, па словах Кімберлі Мартэн, «усё роўна застаюцца тупым ваенным інструментам, ад якога не будзе шмат карысці супраць такога хітрага суперніка, як Пуцін, бо ён здабывае перавагу за кошт не зусім ваенных метадаў». 

Усё гэта ставіць пад пытанне аўтарытэт NАТO, піша Кімберлі Мартэн, асабліва «яго здольнасць абараняць і рэагаваць на пагрозы бяспекі, з якімі сутыкаюцца некаторыя з новых дзяржаў-чальцоў». Можна прадказаць, працягвае яна, што выкраданне Эстана Кохвера не будзе апошнім выпрабаваннем для NАТO. Таму ЗША разам з саюзнікамі трэба выпрацоўваць больш творчыя падыходы, каб новыя пуцінскія «краты» не засталі іх знянацку.  

Тыгр адчуў смак крыві

Investor's Business Daily лічыць «лухтой» тлумачэнні расійскага боку наконт затрымання супрацоўніка эстонскай паліцыі бяспекі. На думку выдання, Пуцін «ткнуў тварам» Абаму ў яго абяцанне «тут і зараз» прыйсці на дапамогу Эстоніі ў выпадку замаху на непарушнасць яе межаў, прадэманстраваўшы, што яно пустое. 

«Выкраданне Эстана Кохвера вельмі кепска паўплывае на Усходнюю Еўропу, якая толькі што бачыла, як Украіну змусілі да падпісання мірнай дамовы з Расіяй. Што ёй заставалася, калі ЗША і ЕС зрабілі вельмі нямногае, каб дапамагчы ёй абараніць сябе... Пуцін абраў Эстонію, бо яна мела нахабства прыняць у сябе амерыканскага прэзідэнта і прасіць аб стварэнні пастаяннай базы NАТO. Без сумневу, ён хоча паглядзець, ці з'яўляецца NАТO сапраўдным абарончым саюзам — ці гэта ўсяго толькі папяровы тыгр», — піша Investor's Business Daily.  

Мэцью Філіпс ў Bloomber Businessweek задаецца пытаннем, дзе знаходзіцца парог зваротнай рэакцыі NАТO, адзначаючы, што яго яўна спрабуе намацаць Пуцін. «Калі Паўночнаатлантычны альянс не заступіцца за Эстонію, за якую тады краіну ён заступіцца? Калі некаторыя члены NАТO раўнейшыя за іншых, ці зможа альянс увогуле выстаяць і захавацца?» — пытае аўтар. 

Рычард Фернандэс ў Pajamas Media кажа пра тое, што мэтай выкрадання Эстана Кохвера было «прынізіць Абаму». Цытуючы словы амерыканскага прэзідэнта, сказаныя ім у Таліне, пра тое, што ў выпадку замаху на Эстонію Амерыка адразу ж прыйдзе ёй на дапамогу, аўтар саркастычна працягвае: «Плясь. Выкраданне супрацоўніка эстонскай паліцыі бяспекі. Твар прамоўцы заляпаны гнілым памідорам. А Уладзімір Пуцін з'едліва пытаецца з залі: «Хто гэта кінуў?»  

На думку Фернандэса, Пуцін выкарыстоўвае тактыку «нямога кіно».  

«Тады як гаспадар Авальнага Кабінету жыве словамі, Пуцін здымае нямое кіно. Украіну ён акупуе употай. Выкрутам атакуе Эстонію. Фінляндыю запужвае пантамімай (маюцца на ўвазе неаднаразовыя парушэнні паветранай прасторы Фінляндыі расійскімі самалётамі — аўт.). Ён робіць сваю брудную справу без адзінага гуку. Візуальны шэраг адназначны, але паколькі няма дыялогаў і музычнага суправаджэння, амерыканскі прэзідэнт не можа яму нічога адказаць», — разважае аўтар. Ягоны прагноз трывожны і не вельмі суцяшальны. 

«Як тыгр, які адчуў смак крыві, Пуцін пазбавіўся страху перад Абамай. Пакуль не будуць прынятыя меры засцярогі і звера не пасадзяць у клетку, свету пагражае вялікая небяспека. Але цяпер гэтага тыгра, якога раней можна было замкнуць у клетцы даволі лёгка, вярнуць туды можна будзе, толькі моцна рызыкуючы быць параненым або нават забітым...» — робіць выснову Фернандэс.  

Галоўны рэдактар American Thinker Томас Ліфсан увогуле не выключае ядзернага апакаліпсісу.

«Мы ступілі на вельмі небяспечны шлях. Калі Расія ўбачыць, што пагрозы Абамы пустыя, гэта заахвоціць яе да далейшай эскалацыі. Пуцін ужо нагадаў пра ядзерную моц Расіі, зрабіўшы непрыхаваную пагрозу пачаць Трэцюю сусветную вайну ў выпадку адказу на яго агрэсіўныя дзеянні. Прадэманстраваўшы, што над ім можна беспакарана здзекавацца, Абама ўрэшце можа адказаць занадта позна і занадта моцна, што прывядзе да Армагедону. Слабасць правакуе. Абама ўпэўнены ў адваротным, і ён гэтак жа памыляецца, як калісьці Нэвіл Чэмберлен», — перасцерагае Томас Ліфсан. 

Яшчэ год таму можна было б пакруціць пальцам ля скроні і абазваць аўтара такіх прагнозаў параноікам. Але цяпер нават самыя змрочныя сцэнары не падаюцца неверагоднымі. 

Як сказаў спікер эстонскага парламента Эйкі Нестар на адкрыцці восеньскай сесіі: «Мы пачынаем пленарныя паседжанні ў свеце, які вельмі змяніўся. У свеце, дзе адна імперыя пры дапамозе зброі бесцырымонна занялася пашырэннем сваёй сферы ўплыву... Сітуацыя ва Украіне, на жаль, нагадвае пра падзеі мінулага. Адчуванне, быццам чытаеш кнігу: Чэмберлен прынёс мір, Данцыг далучаны, а пасажырскі самалёт «Калева» збіты (пасажырскі самалёт, збіты савецкай авіяцыяй над Фінскім залівам летам 1940 года — аўт.)».

Бадай, застаецца толькі падзякаваць Эстану Кохверу, якому цяпер пагражае ад дзесяці да дваццаці гадоў турмы ў Расіі, што падчас захопу ён не адкрыў агонь, хаця быў узброены. Уявіце сабе, якія наступствы магла б мець навіна пра забітых на расійска-эстонскай мяжы. Ці не адтэрмінаваў ён той самы Армагедон?