«Афіцыйная ўлада Беларусі не знайшла мажлівасцяў разарваць ланцуг залежнасці ад Расіі»
Намеснік міністра па пытаннях часова
акупаваных тэрыторыяў і перамешчаных асобаў Украіны Георгі Тука пракаментаваў «Новаму Часу» запланаванае правядзенне прэс-канфэрэнцыі амбасадара РФ у Беларусі.
—Трэба разумець, што для Расійскай Федэрацыі якая-кольвек нагода для прапаганды сваіх поспехаў будзе выкарыстоўвацца любым чынам. Зараз расейцы намагаюцца адзначыць пятую гадавіну таго, як “паўвыспа павярнулася ў родную гавань”. Тое, што зараз гэтая паўвыспа йдзе на дно разам з гэтай гаванню, мяне асабліва не цешыць.
Прэс-канфэрэнцыю МЗС РФ, прысвечаную пятай гадавіне акупацыі Крыму і запланаваную ў Рэспубліцы Беларусь, я не магу вітаць. Расійская Федэрацыя на сённяшні дзень – гэта вораг незалежнай Украіны і з ім нельга загульвацца. На жаль, афіцыйная ўлада Беларусі так і не знайшла мажлівасцяў разарваць спрадвечны ланцуг залежнасці ад Расійскай Федэрацыі і працягвае надалей дрэйфаваць у фарватэры старэйшага брату. Як бы гэта ні было прыкра, але гэта факт. Тое, што Беларусь вызнае Крым расейскім, ці не вызнае расейскім — наўпроставага адказу ад А.Р. Лукашэнкі дагэтуль ніхто не пачуў. На жаль, гэта сведчыць, з майго пункту гледжання, пра нявызначанасць і слабую пазіцыю. Хацелася б, каб у рэшце рэшт афіцыйная улада Беларусі прытрымлівалася міжнародных стандартаў і нормаў, у тым ліку і гуманітарнага права. Мы атрымліваем гуманітарную дапамогу ад Беларусі і вельмі ўдзячныя нашым суседзям і сябрам нашага народу. Але трэба у рэшце рэшт заняць прынцыповую пазіцыю.
Характэрна, што тэма гэтай прэс-канфэрэнцыі абсалютна не датычыць расійска-беларускіх узаемінаў і відавочна выходзіць па-за межы дыпламатычнай кампетэнцыі амсабадара РФ. Больш за тое, гэтае мерапрыемства расійскага знешнепалітчнага ведамства мае ўсе азнакі падрыхтаванай інфармацыйна-псіхалагічнай спецаперацыі на беларускай зямлі. Расійскі бок працягвае адкрыта выкарыстоўваць Рэспубліку Беларусь для вядзення інфармацыйнай вайны супраць Украіны.
P.S.: Мы не здолелі атрымаць каментар прэс-сакратара беларускага МЗС Анатоля Глаза. Ні яго тэлефон, ні тэлефон Сяргея Маліноўскага, адказнага за гэты напрамак дзейнасці МЗС, ні іншыя тэлефоны не адказвалі. Аднак, па нашай інфармацыі, адпаведная заява МЗС Украіны ўжо падрыхтаваная.