Агенты ходзяць на «службу»: як улады сочаць за вернікамі пасля 2020 года

«Суткі» святарам, забарона малітваў за Украіну, адміністратыўныя і крымінальныя пакаранні актыўных вернікаў... Як яшчэ рэпрэсіі рэжыму закранулі рэлігійную сферу, распавядае «Радыё Свабода».

_belarus_relihija_kanfesii_fota_novy_czas_logo.jpg

Пасьля 2020 году пад перасьлед з боку ўлады трапілі ў тым ліку сьвятары, актыўныя вернікі і рэлігійныя арганізацыі. «Суткі» для сьвятароў за «экстрэмізм», кантроль казаньняў, рэпрэсіўныя законы — цяперашняя рэальнасьць для многіх вернікаў.

Пагрозы на словах у бок сьвятароў сталі аформлены як законы

Яшчэ ў жніўні 2020 году Лукашэнка пачаў пагражаць сьвятарам. Пэўна, тым, якія гаварылі пра гвалт і несвабодныя выбары. «Мяне зьдзіўляе пазыцыя нашых канфэсій. Дарагія мае сьвятары, займіцеся сваёй справай. У храмы людзі мусяць прыходзіць, каб маліцца! Цэрквы і касьцёлы не для палітыкі <...> Дзяржава з абыякавасьцю глядзець на гэта ня будзе», — заявіў ён 22 жніўня 2020 году.

Сапраўды, дзяржава не засталася «абыякавай». Паводле зьвестак «Хрысьціянскай візіі», ня менш за 74 сьвятары розных канфэсій трапілі пад адміністрацыйны і нават крымінальны перасьлед за «палітыку». Гэта як мінімум адміністрацыйныя справы за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» і крымінальная («Здрада дзяржаве») у дачыненьні ксяндза Генрыха Акалатовіча.

Дзяржава пайшла па шляху зьмены заканадаўства. 30 сьнежня 2023 году Лукашэнка падпісаў закон «Пра свабоду сумленьня і рэлігійных арганізацыях».

Глядзіце таксама

Закон «чорным па белым» прапісаў, што рэлігійныя арганізацыі мусяць прайсьці нанова рэгістрацыю, забараняецца дзейнасьць тых рэлігійных арганізацый, якія накіраваныя «супраць сувэрэнітэту, асноўных кірункаў замежнай і ўнутранай палітыкі Беларусі, канстытуцыйнага ладу, на дыскрэдытацыю Беларусі, прапаганду вайны, сацыяльнай, рэлігійнай, расавай варожасьці, іншай экстрэмісцкай дзейнасьці».

Забаронена любая сымболіка, апроч рэлігійнай. Закон прадугледжвае стварэньне мясцовымі органамі ўлады «камісій па кантролі за рэлігійнымі арганізацыямі, права правядзеньня імі праверак». Праграмы для наведнікаў нядзельных школ «ня мусяць супярэчыць ідэалёгіі агульнапрынятых традыцыйных каштоўнасьцяў беларускай дзяржавы».

У лютым 2024 году ААН выказала «сур’ёзную занепакоенасьць» у сувязі з прынятым законам аб сумленьні і рэлігійных арганізацыях. Экспэрты лічаць, што такі закон супярэчыць абавязаньням Беларусі ў міжнародным праве.

Экспэрты заявілі, што закон уводзіць шырокі дзяржаўны кантроль над рэлігійнай адукацыяй і літаратурай. «Мы занепакоеныя тым, што расплывістыя фармулёўкі закону могуць спрыяць прыняцьцю адвольных рашэньняў і стварыць атмасфэру запалохваньня рэлігійных лідэраў, супольнасьцяў ці дзейнасьці, якую ўлады палічаць нежаданай», — выказалася міжнародная структура.

Як закон рэалізуецца на практыцы на «ніжэйшых узроўнях» улады

Па інфармацыі аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, якія спасылаюцца на дакумэнты са сваіх крыніц, у Беларусі ўсталяваны татальны кантроль за дзейнасьцю рэлігійных арганізацый. Прычым у «працы» задзейнічаныя актывісты БРСМ і работнікі выканкамаў.

У рэгіёнах распрацаваныя пляны наведваньня багаслужбаў, рыхтуюцца аналітычныя даведкі, правяраюцца сьвятары на «ляяльнасьць».

Чыноўнікі зьвяртаюць увагу, на якой мове праводзяцца службы, на палітычную «надзейнасьць» сьвятароў і манахаў, кантакты з «апазыцыйна настроенымі грамадзянамі», наяўнасьць крытычных выказваньняў у адрас дзяржаўных органаў, у тым ліку ў інтэрнэце.

Глядзіце таксама

Якія ёсьць прамыя і ўскосныя доказы, што чыноўнікі цікуюць за сьвятарамі

У Баранавічах у сакавіку 2024 году забаранілі традыцыйны «Крыжовы шлях» вуліцамі гораду. Падзея плянавалася на 17 сакавіка. «Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма, і прычына адмовы не названая, але гэту тэму абмяркоўваюць у парафіяльных чатах і разважаюць пра тое, ці не зьвязана такое рашэньне з тым, што на той жа дзень у райцэнтры заплянавалі масавыя гуляньні з нагоды Масьленіцы.

У Ляхавічах забаранілі... звон з касьцёла. Пасьля кампаніі скаргаў у храме давялося адключыць прайграваньне мэлёдый новай сыстэмы электронных званоў. Вернікам не паведамлялі, які канкрэтна дзяржаўны орган настаяў на такім рашэньні, аднак вядома, што пасьля атрыманьня скаргаў на «шум» ад званоў гэтым пытаньнем займаліся раённыя пракуратура, санстанцыя і райвыканкам. У Новалукомлі (Віцебская вобласьць) двойчы пакаралі арыштам па 15 дзён пастара царквы, які заклікаў маліцца за Ўкраіну.

У судовым рашэньні зьвяртае на сябе ўвагу інфармацыя, што пастара ў міліцыю «здалі» менавіта супрацоўнікі Чашніцкага райвыканкаму.

Як законы і «распараджэньні на месцах» паўплывалі на вернікаў

Свабода пагутарыла зь вернікамі з розных касьцёлаў Беларусі. Адно з пытаньняў: «Ці можа быць праўдзівай інфармацыя на BelPol пра татальны кантроль і наведваньне храмаў чыноўнікамі?».

«Я ў гэта паверу на 100%. На кожнай імшы ў касьцёле можа знаходзіцца такі чалавек, „чужы“. Бо яны выглядаюць адпаведным чынам, бо яны ня ведаюць абрадаў імшы, ня моляцца разам з усімі і не сьпяваюць — папросту ня ведаюць, як сябе паводзіць у храме. Ну што можна думаць, калі чалавек пытаецца: „Во сколько богослужение?“, калі нашы людзі кажуць „імша“ ці „месса“ (калі па-расейску)», — тлумачыць вернік аднаго з каталіцкіх храмаў Максім (імя зьмененае. — РС).

Ён кажа, што такія людзі могуць і кленчыць, і жагнацца, «але іхныя паводзіны, нават адзеньне і выгляд выдае іх».

Максім лічыць, што ў мястэчках такія людзі будуць больш прыкметныя, «бо там усе ведаюць адзін аднаго», у вялікіх гарадах прасьцей «зьліцца» з натоўпам. «Але няўзброеным вокам відаць, хто ёсьць хто ў касьцёле. Ну гэта як зь фільмаў, калі ты вылічваеш „чужога“», — тлумачыць вернік.

Глядзіце таксама

Ён кажа, што сытуацыя ўнутры рэлігійных суполак «зьмянілася карэнным чынам пасьля 2020 году».

«Бо ў касьцёл ходзяць у тым ліку і прыхільнікі ўлады. Таму і сьвятары, і вернікі сталі больш асьцярожнымі, мякка кажучы. Пануе „эзопава мова“, ніхто не называе рэчы сваімі імёнамі. І атмасфэра насьцярожанасьці нават паміж „сваімі“. Любы можа выклікаць падазрэньне, калі безь перашкод часта езьдзіць за мяжу ці шмат выпытвае пра ўсе справы. Многія моцна ізаляваліся, скарацілі да мінімуму свае кантакты, каб ніхто ня ведаў, чым жыве парафія. У тым ліку скарацілі ці спынілі кантакты з тымі сьвятарамі, вернікамі ці актывістамі, хто ўцёк ад рэпрэсій і жыве за мяжой», — кажа Максім.

Верніца Алеся (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) кажа, што пасьля 2020 году ў яе парафіі спыніліся «хоць нейкія размовы пра палітыку ці сытуацыю ў грамадзтве» ня толькі ў рэале, але і ў чатах парафіі.

Глядзіце таксама

«Раней там былі спрэчкі паміж праціўнікамі і прыхільнікамі ўлады (такіх у нас таксама хапае). Цяпер жа абсалютная цішыня і стэрыльнасьць. Было такое, што на нашага сьвятара пісалі данос у 2020 годзе, потым на іншага сьвятара пісалі ў „спэцыфічных“ суполках пасквілі і гадасьці розныя. Цяпер усе „нармалізаваліся“. Мне асабіста непрыемна часам хадзіць на імшу, бо бачу там людзей, якія служаць гэтай уладзе, і тых, хто „пераабуўся“. Напрыклад, мой знаёмы быў вельмі актыўным у 2020 годзе, выступаў супраць улады. Цяпер ён „топіць“ за „русский мир“», — кажа Алеся.

Яна дадала, што католікаў, якія служаць у дзяржаўных органах, выклікалі ў КДБ на «гутаркі». Вынік гэтых гутарак ёй не вядомы.