АГП апасаецца сваёй забароны

Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі не выключае, што беларускія ўлады маюць намер спыніць дзейнасць гэтай апазіцыйнай структуры. Нацыянальны камітэт партыі найбліжэйшым часам мае намер разгледзець пытанне пра магчымасці дзейнасці арганізацыі ва ўмовах пазбаўлення яе дзяржаўнай рэгістрацыі.



100_6343.jpg

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 8 красавіка распавёў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Падставаю для выступу перад журналістамі стаўся атрыманы 4 красавіка кіраўніцтвам АГП ліст за подпісам намесніка міністра юстыцыі Беларусі Ігара Тушынскага. У лісце нагадваецца, што, паводле інфармацыі з інітэрнэт-крыніцаў, некалькімі грамадзянамі, уключна Анатоля Лябедзьку, быў парушаны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў (падчас выбараў у мясцовыя Саветы — заўвага Г. К.) у Валкавыску, Брэсце і Мінску, за што гэтыя людзі былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці. Як адзначаецца ў допісе Мінюста, усе гэтыя асобы прадстаўляліся актывістамі АГП.

У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 32 Закона РБ “Аб палітычных партыях” палітычная партыя можа быць зліквідаваная паводле рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь за аднаразовае парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Прымаючы да ўвагі выкладзенае вышэй, звяртаем увагу Нацыянальнага камітэта АГП на неабходнасць абавязковага выканання патрабаванняў заканадаўства, што тычыць арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, як органамі АГП, гэтак і яе чальцамі, прыхільнікамі, якія падтрымліваюць праграмныя мэты і практычныя дзеянні партыі, аказваюць ёй любое садзеянне, якое не супярэчыць дзейнаму заканадаўству і статуту АГП”, — гаворыцца ў лісце з Мінюста.

Кіраўніцтва партыі, нягледзячы на тое, што дадзены допіс не з’яўляецца яшчэ афіцыйным папярэджаннем, угледзела ў ім пагрозу існаванню арганізацыі, адзначыў Анатоль Лябедзька.

Стаўленне уладаў да АГП ад пачатку гэтага года мы імянуем не інакш як спецаперацыю, накіраваную на стварэнне перашкодаў і бар’ераў для рэалізацыі нашых мэтаў і задач, а ў апошні час прагучалі і пагрозы ліквідацыі нашай палітычнай структуры… Упершыню за 20 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі мы пад час апошніх мясцовых выбараў сутыкнуліся з тым, што кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асобаў не проста затрымліваюць, але прапускаюць праз судовыя працэсы і кідаюць за краты. Па-другое, мы бачым, што такія дзеянні былі скіраваныя толькі супраць АГП. Нам за віну ставіцца наша пасланне, з якімі мы пайшлі да выбарцаў, — гэта сумленныя і свабодныя выбары… Нам далі зразумець, што непрымальнымі з’яўляюцца тэмы: персона Аляксандра Лукашэнкі, карупцыя і прывілеі, украінскі Майдан, а таксама чэмпіянат свету па хакеі, палітвязні і скрадзеныя беларускія палітыкі”, — адзначыў Лябедзька.

Па словах палітыка, прайшоўшыя выбары былі генеральнай рэпетыцыяй наступнай прэзідэнцкай кампаніі. У дадзеным выпадку ён працытаваў старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну, якую слухаў па першым канале беларускага радыё, знаходзячыся на “сутках” у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Не выключана, што ўлады будуць імкнуцца зачысціць палітычнае поле перад электаральнай кампаніяй 2015 года. “Лісты ад Мінюста мы расцэньваем як пагрозу, таму на наступным пасяджэнні Палітрады АГП мы разгледзім два пытанні: аб правядзенні з’езда, запланаванага на канец мая, а таксама сцэнар “Б” — дзейнасць партыі ва ўмовах, калі мы не маем юрыдычнай рэгістрацыі. Але ад нашых мэтаў і задач, якія мы перад сабою паставілі, мы не адступім ні на крок”, — заявіў партыйны кіраўнік.