Аляксандр Алесін: Беларусь — канкурэнт Расіі ў гонцы ўзбраенняў

Сусветны рынак зброі летась дасягнуў максімальнага паказніка за апошнія дзесяць гадоў — лічбы ў 650 мільярдаў долараў. Новы віток гонкі ўзбраенняў каментуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

maxresdefault_3.jpg



— Чаму свет зноў пачаў накачваць мускулы і хто правакатар?

— Да старых канфліктаў дадаліся новыя. Канфлікты паміж Індыяй і Кітаем, Кітаем і В’етнамам, Індыяй і Пакістанам. Цяпер мы бачым абвастрэнне на Блізкім Усходзе. Яны цяпер адчуваюць пагрозу ад унутранага і вонкавага ворага. Фінансы ў іх добрыя, і цяпер яны вымушаныя выдаваць грошы на гонку ўзбраенняў. Галоўныя ініцыятары, паводле мяне, — дзяржавы Блізкага Усходу.

За Саудаўскай Аравіяй даўно ўсталявалася не вельмі добрая рэпутацыя аднаго з галоўных спонсараў сусветнага тэрарызму. Якая верагоднасць таго, што частка тых узбраенняў трапіць у рукі тэрарыстаў, а не пойдзе на вырашэнне канфліктаў Саудаўскай Аравіі з Еменам?

— Гэтая небяспека ёсць. Справа ў тым, што ў кіроўнай эліце Саудаўскай Аравіі існуюць розныя плыні, і ёсць людзі, якія падтрымліваюць «Ісламскую дзяржаву», і скупаюць зброю на вонкавых рынках ды накіроўваюць тэрарыстам. Таму ёсць небяспека, але ўсё ж лічу, што большасць зброі Саудаўская Аравія закупае на свае патрэбы.

Якое месца на сусветным рынку зброі займае сёння Беларусь?

— Беларусь цяпер прапаноўвае высокатэхналагічныя інавацыйныя ўзбраенні. Гэта сродкі радыёэлектроннай барацьбы, сродкі радыёлакацыі, сродкі сувязі, беспілотныя авіяцыйныя сродкі, якія дазваляюць весці выведку ў рэжыме рэальнага часу. Цяпер гэта і ракетныя сістэмы. Не сакрэт, што наш міністр абароны сказаў, што мы будзем прадаваць сістэмы «Паланэз», бо нам самім шмат не трэба, а на сусветным рынку існуе сур’ёзны попыт. Прычым тыя краіны, якія не хочуць патрапіць у залежнасць ад Расеі ды ЗША. Тут мы з Расеяй нават канкуруем, і Расея выказвае незадаволенасць тым, што Беларусь перабягае ёй дарогу. Але ўлічвае маштаб Расеі і яе ўплыў, беларусы змушаныя браць пад увагу яе інтарэсы на сусветным рынку зброі.





belsat.eu