Польскія спецслужбы ўзяліся за ўльтраправых

На выходныя польскія спецслужбы правялі ператрусы ў двух прарасійскіх актывістаў з Кракава.

Фота policja.pl

Фота policja.pl


Пасля праверкі прарасійскай левай партыі “Змена” (Zmiana) Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы правяла ператрусы ў кватэрах дзеячаў прарасійскіх ультраправых арганізацыяў.

 

На выхадныя спецслужбы правялі ператрусы ў двух актывістаў з Кракава, паведамляе "Gazeta Wyborcza". У аднаго з іх было канфіскавана 52 прадметы, сярод якіх ноўтбук, мабільныя тэлефоны, карты памяці. Абодва мужчыны з'яўляюцца былымі дзеячамі Звязу рэальнай палітыкі (Unia polityki realnej), а пазней — Кангрэсу новых правых, які падтрымлівае палітыку Уладзімера Пуціна і выступае з антыўкраінскімі лозунгамі.

 

Пакуль ані пракуратура, ані АУБ не паведамляюць падрабязнасцяў. Паводле штодзённіка, вобшукі ў Кракаве звязаныя з аперацыяй супраць партыі “Змена” і яе лідара Матэвуша Піскорскага, якога некалькі тыдняў таму затрымалі і абвінавацілі ў шпіянажы.

 

У 2014 годзе ўльтраправыя, у якіх АУБ правяло вобшукі, разам з чальцамі левай “Змены” паехалі ва Украіну, дзе знішчалі помнікі УПА і Сцяпана Бандэры. Акты вандалізму былі здзейсненыя такім чынам, каб галоўнымі падазраванымі былі прадстаўнікі мясцовай польскай меншасці.

 

Паводле польскіх спецслужбаў, гэтую акцыю фінансавалі расейцы.

 

Цяпер кракаўскія ўльтраправыя планавалі ўзяць удзел у антынатаўскіх дэманстрацыях падчас саміту альянсу ў Варшаве.

 

Аднаго з затрыманых у 2015 годзе ўжо затрымлівала паліцыя. Падчас дэманстрацыі з удзелам тагачаснага прэзідэнта Браніслава Камароўскага ён махаў надзіманым крэслам. Другі затрыманы з'яўляецца паплечнікам прарасійскага антысеміта, рэжысёра Гжэгажа Браўна. У сваім блогу ён заклікае чытаць “Майн Кампф” і сцвярджае, што “антысемітызм — гэта пратэст супраць магутнасці габрэяў і іх смяротнага ўплыву на еўрапейскае грамадства” і публікуе прамову Гітлера з заклікам “Еўрапейцы, паўстаньце — трэба зрабіць гэта яшчэ раз”.


www.radyjo.net