АМАП стаміўся? Крыху больш за 20 затрыманых на акцыях пратэсту 27 снежня

Валанцёры, якія складаюць спісы затрыманых па адміністрацыйных справах, па стане на 20.00 паведамілі прозвішчы 23 затрыманых падчас сённяшніх маршаў пратэсту. Гэта ў 10-15 разоў меней, чым у папярэднія пратэставыя нядзелі.

photo_2020_12_27_14_15_19_1.jpg


Сярод затрыманых — жыхары мінскага мікрараёну Сокал, якія выйшлі на мясцовую акцыю з бел-чырвона-белымі сцягамі. Яшчэ некалькі чалавек затрымалі каля мемарыялу Тарайкоўскага (станцыя метро «Пушкінская»), перадае Радыё Свабода.

Частку затрыманых ужо павезлі з РУУС у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Праваабаронцам «Вясны» таксама вядома пра затрыманьне ў Брэсце на вуліцы Савецкай 63-гадовай актывісткі Алены Гнаўк (пазней яе адпусцілі без складання пратаколу). Гэта 11-е затрыманне пенсіянеркі за апошнія чатыры месяцы.

У Смалявічах затрымалі Ганну Карнелік і Сяргея Харытончыка.

У Беларусі сёння праходзяць нядзельныя маршы пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.