Апазіцыя і Захад патрабуюць раскрыць забойства Нямцова
Позна ўвечары 27 лютага ў цэнтры Масквы быў застрэлены вядомы расійскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў. Паліцыя зладзіла ператрус у яго кватэры, з якой былі канфіскаваныя дакументы, запісы і жорсткі дыск кампутара забітага палітыка.
Забойства адбылося літаральна ў 200 метрах ад Крамля і Краснай плошчы — на Вялікім Маскварэцкім мосце, па якім Нямцоў разам са сваёй спадарожніцай ішоў пешшу ў бок Замаскварэчча.
Барыс Нямцоў займаў пасаду сустаршыні партыі "РПР-Парнас" і быў адным з арганізатараў пратэстнага маршу "Вясна", які мусіў адбыцца 1 сакавіка.
Чатыры кулі ў спіну
Паводле папярэдніх дадзеных, да іх пад'ехала машына белага колеру, і невядомы здзейсніў з яе некалькі стрэлаў у спіну Нямцову. Затым машына знікла з месца злачынства, і па гарачых слядах выявіць яе паліцыі не ўдалося.
Прадстаўнікі праваахоўных органаў паведамілі, што стрэлаў было шэсць ці сем і як мінімум чатыры кулі трапілі ў ахвяру. Дзяўчына, якая была з Нямцовым, не пацярпела.
Цела Нямцова яшчэ некалькі гадзін ляжала на асфальце. Прастору вакол яго ачапілі, эксперты за некалькі гадзін абследавалі месца злачынства. Затым цела павезлі ў морг, а сляды крыві змылі вадой са шланга. Да раніцы пра забойства на Вялікім Маскварэцкім мосце нагадваў толькі імправізаваны мемарыял непадалёк з кветак і свечак, якія неабыякавыя людзі звозілі сюды ўсю ноч.
Пра спадарожніцу Барыса Нямцова, якая стала сведкай забойства, цяпер вядома вельмі мала — паліцыя тут жа забрала яе на допыт.
Паводле інфармацыі журналісткі Ксеніі Сабчак, якая добра ведала Нямцова, дзяўчыну завуць Ганна, і яна літаральна ў пятніцу прыляцела ў Маскву з Кіева.
Праз тры гадзіны пасля забойства паліцыя пачала ператрус у кватэры Барыса Нямцова, з якой былі канфіскаваныя дакументы, запісы і жорсткі дыск кампутара забітага палітыка.
Палітычныя матывы
Месца ў некалькіх дзясятках метраў ад Крамля, дзе ляжала цела Барыса Нямцова
Забойства Нямцова выклікала імгненную рэакцыю і ў Расіі, і за мяжой.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што "гэта жорсткае забойства мае ўсе прыкметы заказнога і носіць выключна правакацыйны характар".
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША распаўсюдзіла заяву, у якой Барак Абама асудзіў забойства Нямцова.
"Злучаныя Штаты асуджаюць жорсткае забойства Барыса Нямцова і заклікаюць расійскі ўрад правесці хуткае, аб'ектыўнае і адкрытае расследаванне абставінаў забойства і забяспечыць, каб вінаватыя ў гэтым страшным забойстве былі адданыя правасуддзю", — гаворыцца ў заяве Белага дома.
Апазіцыйныя актывісты, якія рыхтавалі марш 1 сакавіка, абвясцілі пра немагчымасці праводзіць яго ў новых абставінах у аддаленым раёне Масквы і пад ранейшымі лозунгамі.
Абмеркаванне новага фармату акцыі запланаваны на раніцу суботы, але ўжо цяпер вядома, што апазіцыя паспрабуе сабрацца ў цэнтры Масквы і ўшанаваць памяць загінулага палітыка.
Прадстаўнікі следства заяўляюць, што пакуль разглядаюцца ўсе магчымыя версіі таго, што адбылося, у тым ліку заказное забойства.
Апазіцыянеры не сумняваюцца ў тым, што гэта палітычнае забойства.
"Нямцова маглі забіць толькі за тыя яго расследавання, якія былі звязаны з Украінай і з удзелам расійскіх войскаў у дэстабілізацыі ў краіне", — лічыць Ілля Яшын, адзін з бліжэйшых паплечнікаў і сяброў Барыса Нямцова.
"Вядома, адзіная мэта, якая пераследавалася, — гэта запалохаць, паспрабаваць абезгаловіць пратэст і паказаць, што за такую непрымірымую пазіцыю будуць помсціць", — сустаршыня пецярбургскай арганізацыі партыі "РПР-Парнас" Андрэй Півавараў.
"Гэта сапраўды не камерцыйныя разборкі, камерцыяй ён не займаўся. Асабістых праблем таксама не было. Я лічу, што матывам паслужыла яго палітычная дзейнасць", — цытуе РІА Навіны адваката Вадзіма Прохарава, які прадстаўляў інтарэсы Барыса Нямцова.
Барысу Нямцову было 55 гадоў. У яго засталіся чатыры дачкі і 87-гадовая маці.
Паводле www.bbc.co.uk
Пераклад НЧ