Азбука паліталогіі: «лагістычныя ланцужкі» і імпартазамяшчэнне

Неяк няёмка стала прыгадваць прэтэнзіі беларускай мадэлі на ролю донара еўрапейскай бяспекі. З чаго б гэта?

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Парадокс імпартазамяшчэння: чым больш паспяхова — тым горш. Пад «горш» у гэтым выпадку варта разумець зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Тлумачыцца парадокс проста. Калі да ўвядзення санкцый ва ўмовах больш-менш вольнага рынку краіна імпартавала нешта, то гэта «нешта» было танней імпартаваць, чым вырабляць самастойна. Такім чынам, замена імпартнага на «дамарослае», як мінімум, прывядзе да росту коштаў.
Зніжэнне якасці — асобная тэма.
Праілюструю сказанае прыкладам, запазычаным на сайце president.gov.by: «Слухайце, чым адрозніваецца клімат у вас ад Украіны? Ну, давайце спрабаваць. Я буду гэта спрабаваць на сваім эксперыментальным полі. Я Леаніду Канстанцінавічу (віцэ-прэм'ер Леанід Заяц. — Заўвага рэд.) ужо даручыў: лубін, гарох, соя (паглядзім у Сенненскім раёне, Бешанковічах гэтыя палі — гэта яшчэ паўночней), сланечнік, рапс і гэтак далей. Будзем глядзець, што там на поўнач у нас атрымаецца. Трэба рухацца ў гэтым кірунку».
Для тых, хто яшчэ памятае гісторыю з прасоўваннем у СССР «царыцы палёў» на поўнач: нічога новага ў прыведзенай цытаце няма. Спадзяюся, чытачы не забылі і вынік.
У ЗША — 50 штатаў. У кожным спажываюць бульбу. Але 2/3 ураджаю збіраюць у штаце Ілінойс, і пераплюнуць гэта дасягненне нікому ў галаву не прыходзіць.
«Эканоміка — пытанне нумар адзін. Будзе эканоміка — усё ў нас атрымаецца». Залатыя словы! Але каб з золата слоў адліць рэальныя справы, спачатку варта разабрацца з уласнымі адноснымі перавагамі (тэорыю адносных пераваг сфармуляваў Давід Рыкарда яшчэ ў 1817 годзе), а не спрабаваць вырабляць да кожнай бочкі затычку з надпісам made in Belarus. Перавагамі, якія забяспечвае міжнародны падзел працы, да старажытных грэкаў умелі карыстацца яшчэ старажытныя егіпцяне.
Хто ж нам перашкаджае? Амерыканцы? Дык яны — першыя, хто ад параўнальных пераваг атрымлівае выгаду. Таму і пераносяць вытворчасці ў краіны з таннай рабочай сілай, а самі засяроджваюцца на распрацоўках. Крэмніевая даліна ў Каліфорніі — таму наглядны прыклад.
І папулярны ў нас міф наконт няздольнасці амерыканцаў што-небудзь вырабляць не варта прымаць за чыстую манету. У гэтым годзе мая ўнучка скончыла хімічны факультэт Універсітэта штата Дэлавэр — і адразу ж атрымала некалькі прапаноў па працаўладкаванні ад шэрагу хімічных канцэрнаў (штат Дэлавэр ды Пенсільванія, якая да яго далучылася, — радзіма амерыканскай хімічнай прамысловасці, ролю бацькоў-заснавальнікаў якой узяло на сябе сямейства Дзюпон у XIX стагоддзі).
Перспектывы працаўладкавання выпускнікоў хімфака БДУ я ацэньваць не бяруся. Але ў 2022 годзе, як і 50 гадоў таму, на першы курс было залічана 150 чалавек. Пажадаем ім поспеху.

Грэх не схаваеш у мех, не ўтопчаш у балота

Не апошнюю ролю ў дасягненні беларускай мадэлі адыгрывае афіцыйная статыстыка. Мне ўжо даводзілася пісаць, што аб'ём файла «Прамысловасць», які ўваходзіць у пакет штомесячнай справаздачнасці Нацыянальнага статыстычнага камітэта, з красавіка 2022 года скараціўся са звыклых 440 КБ да 170 КБ. Але абразаць гэты файл пачалі пазалетась. У прыватнасці, у траўні 2021 года ў апошні раз была апублікавана статыстыка вытворчасці транспартных сродкаў.
Колькі наш гонар, МАЗ, выпускае грузавых аўтамабіляў, вызначыць з тых часоў не ўяўляецца магчымым. Прастора для палёту фантазіі адкрываецца бязмерная — распраўляй крылы і ляці. Было б жаданне.
Але грэх не схаваеш у мех, не ўтопчаш у балота. А тым больш у мех не прыбярэш грузавы аўтамабіль.
Звернемся да статыстыкі продажаў на расійскім сайце агенцтва «Аўтастат». Рэгістрацыя новых грузавых аўтамабіляў масай звыш 3,5 тоны ў Расіі за першае паўгоддзе знізілася з 46 423 да 37 676 адзінак (мінус 8,8 працэнта). Не катастрафічнае зніжэнне, калі ўзгадаць пра санкцыі, якія Аб'яднаны Захад генерыруе ў прамысловых маштабах. Аднак не варта спяшацца ўсцешвацца. Продаж новых МАЗаў, паводле даных агенцтва, упаў на 28,9 працэнта (з 2850 да 2027 адзінак).
Падмаглі кітайскія таварышы, надзеі на якіх у апошнія гады сілкуюць не толькі юнакоў, але і сур’ёзных дзецюкоў у салідных беларускіх кабінетах. Напрыклад, дылеры кітайскага брэнда Shacman (Shaanxi) са студзеня па чэрвень павялічылі продаж з 890 да 2770 грузавікоў (у 3,1 разы — гэта я падлічваю для тых, у каго пад рукой не аказалася калькулятара).

З вяртаннем «ліхіх 90-х»

Хочаш жыць — умей круціцца. У якасці ілюстрацыі выслоўя скарыстаюся паведамленнем Reuters аб разборцы самалётаў на запчасткі расійскімі авіякампаніямі. Працэс яшчэ не стаў масавым, але дарога ў тысячу лі, як сцвярджаў кітайскі мудрэц Лаа-цзы, пачынаецца з аднаго кроку.
У каго што баліць, той пра тое кажа. Рэзкі рост папулярнасці ідыёмы «лагістычныя ланцужкі» ў самай саліднай газеце краіны служыць таму пацвярджэннем. Першую згадку выразу пошукавік зафіксаваў 30 кастрычніка 2008 года. І за 13 наступных гадоў «залатыя пёры» беларускай журналістыкі выкарыстоўвалі гэта словазлучэнне ў сваіх опусах 182 разы, а за няпоўны 2022 год (да 16 жніўня) — 259 разоў!
З чаго б такая папулярнасць? Не выключана, што яна звязана з вяртаннем «ліхіх 90-х». Сустракайце!
Расійскія эканамісты Уладзімір Гімпельсан і Расціслаў Капелюшнікаў тлумачаць: «Трансфармацыйны крызіс у пачатку 1990-х гадоў працякаў на фоне наймацнейшых макраэканамічных шокаў, сярод яго ключавых рыс — татальны разрыў гаспадарчых сувязяў. Гэта вядзе да прыпынення нармальнага гаспадарчага жыцця. Падобным чынам ідзе справа і з цяперашнім крызісам: хоць ён таксама суправаджаецца цэлай серыяй макраэканамічных шокаў, усё ж галоўнае ў ім — гэта паўсюдны разрыў тэхналагічных і вытворчых ланцужкоў. Розніца толькі ў тым, што тады гэта быў разрыў сувязяў унутры краіны, а цяпер — са знешнім светам».