Байдэн і Пуцін правялі тэлефонныя перамовы
Тэлефонная размова прэзідэнтаў Расіі і ЗША працягвалася больш за гадзіну, паведамляе www.dw.com са спасылкай на інфармацыю з Белага дома.
Прэзідэнт ЗША Джо
Байдэн і расійскі лідар Уладзімір Пуцін правялі тэлефонныя перамовы. Пра гэта ў
суботу, 12 лютага, паведамілі ў Белым доме. Тэлефанаванне «па абароненай
лініі сувязі пачалося ў 11.04» па часе ўсходняга ўзбярэжжа ЗША (у 19.04 паводле
маскоўскага часу). Пра гэта гаварылася ў паведамленні, распаўсюджаным Белым домам.
Пазней там адзначылі, што гутарка кіраўнікоў Расіі і ЗША завяршылася ў 12.06
(20.06 па маскоўскім часе).
Амерыканскі лідар знаходзіўся ў сваёй рэзідэнцыі ў Кэмп-Дэвідзе (штат Мэрыленд).
Размова па ініцыятыве амерыканскага боку
Прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў раней казаў, што пра размову прасіў амерыканскі бок. Прычым да гэтага паступіў «пісьмовы зварот» Вашынгтона, адзначаў Пяскоў.
Гутарцы Пуціна і Байдэна папярэднічалі 12 лютага кантакты па лініях кіраўнікоў абаронных і знешнепалітычных ведамстваў Расіі і Злучаных Штатаў.
СМІ: Гутарка Пуціна і Макрона працягвалася амаль 2 гадзіны
Акрамя таго, раней у той жа дзень адбыліся працяглыя тэлефонныя перамовы Пуціна з кіраўніком французскай дзяржавы Эмануэлем Макронам. Паводле інфармацыі французскага тэлеканала Europe1, яны доўжыліся 1 гадзіну 40 хвілін.
Як адзначылі ў прэс-службе Елісейскага палаца, Макрон паведаміў свайму суразмоўцу пра «заклапочанасці сваіх еўрапейскіх партнёраў» і саюзнікаў у сувязі з паведамленнямі пра тое, што нібыта набліжаецца ўварванне Расіі ва Украіну. Прэзідэнт Францыі заявіў расійскаму лідару, што шчыры дыялог «не сумяшчальны з эскалацыяй» вакол Украіны.
Der Spiegel: ЗША папярэдзілі пра хуткі напад РФ на Украіну
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен раней адзначыў, што ўварванне Расіі ва Украіну можа пачацца «ў любы момант». Паводле звестак нямецкага штотыднёвіка Der Spiegel, амерыканскія спецслужбы на аснове апошніх звестак асцерагаюцца, што яно можа адбыцца ўжо 16 лютага. Амерыканскі бок папярэдзіў пра гэта ўрад Германіі і іншых краін НАТА, пісала выданне. Крэмль адмаўляе планы ваеннай агрэсіі.