Барэль: ЕС мусіць захоўваць непахісны падыход да Беларусі
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль зрабіў агляд асноўных падзей 2021 года, у якім знайшлося месца і для нашай краіны, паведамляе «Еўрарадыё».
Барэль адзначае, што Еўрасаюзу давялося сутыкнуцца з «сілавой палітыкай», якая «неаднаразова кідала выклік ЕС і яго каштоўнасцям». І адказ на яе быў цвёрды і рашучы. Барэль згадвае розныя крызісы, у тым ліку і беларускі. Ён піша пра «5-ы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».
Дыпламат падкрэслівае, што «па меры распаўсюджвання гібрыдных канфліктаў» ЕС павінен «захоўваць непахісны падыход да Беларусі». Як вядома, Брусель заклікае афіцыйны Мінск вызваліць палітвязняў, спыніць рэпрэсіі, правесці новыя прэзідэнцкія выбары пад міжнародным кантролем.
Тыдзень таму Барэль пісаў пра «жорсткі рэпрэсіўны і незаконны характар рэжыму Лукашэнкі».