Беларускія дэмсілы правялі першую афіцыйную сустрэчу з Радай Еўропы
Увечары 7 лістапада беларускія дэмакратычныя сілы распачалі афіцыйнае супрацоўніцтва з Радай Еўропы. У кантактную групу ўвайшлі 10 чалавек, якія прадстаўляюць беларускія дэмакратычныя сілы, у тым ліку Каардынацыйную раду.
![photo_2022_11_07_20_25_36_1024x768.jpg photo_2022_11_07_20_25_36_1024x768.jpg](/img/v1/images/photo_2022_11_07_20_25_36_1024x768.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як паведамляе прэс-служба Каардынацыйнай рады, Святлана Ціханоўская падчас выступу на мерапрыемстве
сказала, што стварэнне групы — першы крок па ўступленні Беларусі ў Раду Еўропы.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі прыярытэты, сярод якіх правы
чалавека, палітвязні, інстытуты дэмакратыі і вяршэнства права.
Асабліва адзначылі важнасць накіравання ўсіх дзеянняў на беларусаў унутры Беларусі.
— Мы дамовіліся аб выпрацоўцы канкрэтнага плана дзеянняў і
праграм супрацоўніцтва, — распавядае ўдзельніца ад КР. — Вельмі важна
адзначыць, што група адкрытая для прапановаў звонку. Яна не абмяжоўваецца
канкрэтным складам удзельнікаў і будзе запрашаць экспертаў па розных напрамках
да супрацоўніцтва.
![У Рада Еўропы з'явіцца беларуская кантактная група па супрацоўніцтве Святлана Ціханоўская: Голас беларусаў будзе гучаць у Радзе Еўропы](/img/v1/images/cihanouskaja_re.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У групу з боку Рады Еўропы ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх
ключавых палітычных арганізацыяў РЕ, уключаючы ПАРЭ і Офіс камісара па правах
чалавека.
Нагадаем, што супрацу з афіцыйнымі беларускімі ўладамі Рада
Еўропы прыпыніла ў сакавіку 2022 года ў сувязі з удзелам Беларусі ў вайсковай
агрэсіі супраць Украіны. У той жа час камітэт вырашыў падтрымліваць і
ўмацоўваць адносіны з беларускай грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі
сіламі Беларусі.