Беласток прыпыняе афіцыйнае супрацоўніцтва з уладамі Гродна

Мясцовыя ўлады польскага горада «катэгарычна супраць жорсткай кампаніі пераследу польскай меншасці ў Беларусі». Чальцы Беластоцкай гарадской рады падтрымалі прыпыненне афіцыйнага партнёрскага супрацоўніцтва з уладамі Гродна да таго моманту, пакуль не будуць вызваленыя польскія актывісты

avtobusnyj_shop_tur_v_belostok_druskininkaj_vilnyus_iz_minska_2809_2.jpg


Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на афіцыйны сайт Беластока.

У гарадской радзе Беластока ў рамках чарговай сесіі заявілі, што «не змірацца з тым, што палякі з суседніх Гродна, Брэста, Ліды і Ваўкавыска падвяргаюцца пераследу толькі за тое, што яны палякі».

«Гарадская рада горада выказвае салідарнасць з раней арыштаванымі Анжалікай Борыс, Анджэем Пачобутам, Ірэнай Бернацкай, Марыяй Цішкоўскай і Ганнай Панішавай. Мы таксама салідарныя з усімі беларускімі грамадзянамі, якія сёння падвяргаюцца пераследам з-за барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх вязняў і спынення рэпрэсій», — гаворыцца ў заяве гарадской рады.

Там лічаць, што дзеянні беларускіх улад супярэчаць абавязацельствам, замацаваным у дамове паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь ад 1992 года аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве, а таксама нормам міжнароднага права. Таму гарадская рада Беластока выступае за прыпыненне афіцыйнага партнёрскага супрацоўніцтва з уладамі Гродна.

Гэтае рашэнне было аднагалосна прынятае падчас пасяджэння гарадской думы, і яно будзе заставацца ў сіле да вызвалення арыштаваных раней прадстаўнікоў непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў і заканчэння рэпрэсій супраць польскіх арганізацый і школ у Беларусі.

Гродна і Беласток — гарады-пабрацімы. Адпаведнае пагадненне было падпісана яшчэ ў 1960 годзе.

Як паведамляецца на сайце Гродзенскага гарвыканкама, з 2004 па 2007 гады арганізацыямі Гродзеншчыны сумесна з польскімі партнёрамі распрацаваны і рэалізаваны шэраг праектаў: «Развіццё трансгранічнага турызму ў рэгіёне Белавежская пушча», «Невядомая Еўропа — развіццё турыстычнай інфраструктуры польска-беларускага памежжа ў раёне Аўгустоўскага канала і Нёмана» і іншыя. Таксама кожны год праводзіўся рэгіянальны фестываль «Артыстычныя сустрэчы Гродна-Беласток».

У 2020 годзе ўлады Гродна і Беластока планавалі арганізаваць сумесны музычны фестываль, аднак з-за каронавіруса планы прыйшлося адкласці.

Дарэчы, Гродна і Беласток на працягу многіх гадоў удзельнічаюць у сумесных трансгранічных праектах. Напрыклад, нядаўна стартаваў медыцынскі праект па анкауралогіі ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Україна» на 2014-2020 гады паміж сістэмамі аховы здароўя па анкауралогіі рэгіёну Беластока і Гродзенскай вобласці.

Тэрмін рэалізацыі праекта — 18 месяцаў. Агульны бюджэт праекта — 2 075 278,94 еўра, у тым ліку сродкі Еўрапейскага саюза — 1 867 751,05 еўра.

У рамках праекта для Гродна Еўрапейскім Саюзам выдзелены сродкі ў памеры амаль 700 тысяч еўра, якія накіраваны на закупку 47 адзінак медыцынскай тэхнікі для аснашчэння лапараскапічнай і эндаскапічнай уралагічных аперацыйных, а таксама рэагенты і расходныя матэрыялы для выканання дыягнастычных даследаванняў пацыентаў, паведамляецца на сайце Гродзенскага аблвыканкама.