Ад 2,5 да 5,5 гадоў калоніі. У Гродне чатырох чалавек асудзілі ў «справе аб папяровым кубачку»

Сяргей Ефімовіч і Вадзім Хіжнякоў атрымалі па 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Міхал Юдзін — 4 гады калоніі агульнага рэжыму, Андрэй Севяртока — 5 гадоў і 6 месяцаў калоніі строгага рэжыму, піша «Свабода».

111_16.webp

Прысуд у справе аб гвалце над міліцыянтамі агучыў суддзя Генадзь Мазайла ў судзе Ленінскага раёну Гродна 30 сакавіка.

Што адбылося 27 верасня

Падзеі, за якія судзілі фігурантаў, адбыліся 27 верасня ў Гродне.

Тады да моладзевага цэнтру «Галактыка» прыйшлі некалькі сотняў чалавек. Спачатку людзі проста стаялі. Пасля папярэджвання міліцыянтаў аб несанкцыянаваным мерапрыемстве пачалі гукаць «Жыве Беларусь», «Гэта наш горад». Праз некалькі хвілін да іх пад’ехалі аўтазак і мікрааўтобусы. Выйшлі байцы ў рыштунку без знакаў адрозьнення і пачалі затрымліваць людзей. У адным месцы завязалася тузаніна паміж пратэстоўцамі і байцамі. Сілавікі ўжывалі газ і білі людзей дручкамі.

Каго судзілі

На лаве падсудных чатыры чалавекі:

Вадзім Хіжнякоў (52 гады), Міхал Юдзін (43), Сяргей Ефімовіч (33), Андрэй Севяртока (49).

Яны знаходзіліся падчас суду пад вартай.

Іх вінавацілі ў гвалце ў дачыненні да міліцыянтаў (артыкул 464 Крымінальнага кодэксу); Севяртоку, апрача гэтага, — ва ўцёках з месца адбывання пакарання (ч. 1 арт. 413).

Севяртока — жыхар гораду Масты на Горадзеншчыне, астатнія — гарадзенцы; Хіжнякоў родам з Расіі (горад Тула), але мае беларускае грамадзянства.

Хто пацярпелыя

Супрацоўніца АМАПу Заяц; супрацоўнік АМАПу Башко.

Байцы былі ў бронекамізэльках і шлемах. Заяц у выніку атрымала кровападцёк на назе, Башко — фізычны боль і пакуты. Пацярпелыя амапаўцы заявілі грамадзянскія пазовы аб кампенсацыі кожнаму па 2000 рублёў.

Што казала абвінавачанне

Паводле дзяржаўнага абвінавачання, мужчыны дзейнічалі ў змове. Яны знаходзіліся каля тытунёвага кіёска і кінатэатру «Ўсход», дзе магла адбывацца масавая несанкцыянаваная акцыя.

Севяртока спачатку ўдарыў міліцыянтку Заяц кулаком па галаве і нагой па назе. Потым Ефімовіч кінуў у Заяц невядомы прадмет. Потым Юдзін ударыў Башко па целе, руцэ і па галаве, а Хіжнякоў кінуў невядомы прадмет у Башко.

Усе абвінавачаныя не прызналі віны, толькі Севяртока часткова прызнаў гвалт над міліцыянтам. Усе абвінавачаныя, апрача Севяртокі, адмаўляліся, што бралі ўдзел у масавым мерапрыемстве або што маглі пхнуць міліцыянта.

Паводле паказанняў аднаго з фігурантаў, Ефімовіча, ён са сваякамі гуляў па горадзе, калі ўбачыў, як невядомыя ў рыштунку б’юць людзей. Каб адцягнуць увагу тых, хто чыніў гвалт, ён кінуў кубачак ад кавы ўгору. З ягоных словаў, ён ні ў каго не пацэліў і наогул не мог нанесці кубачкам шкоду.