Былы прэм'ер-міністр Літвы Кубілюс: Пасля Украіны постсавецкую імперыю пакіне і Беларусь

Пасля Украіны постсавецкую імперыю, якую спрабуе адрадзіць Расія, пакіне і Беларусь. Пра гэта заявіў былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, які выступіў у якасці госця на справаздачна-выбарным з'ездзе Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які праходзіць 31 мая ў Мінску. 



images_1_9.jpg

Паводле яго слоў, падзеі ва Украіне маюць гістарычную важнасць. "Мы ўсе з`яўляемся сведкамі гістарычнага працэсу, які можна назваць распадам апошняй постсавецкай імперыі", — сказаў палітык. 


Кубілюс мяркуе, што "перамога на Майдане азначае сыход Украіны з гэтай імперыі". "Працэс гэты можна прыпыніць пры дапамозе крыві, але павярнуць яго назад нельга", — падкрэсліў ён. 


Наступнай пасля Украіны краінай, што выйдзе з-пад уплыву імперыі, якую хоча адрадзіць Расія, на думку Кубілюса, стане Беларусь. "Беларусь будзе еўрапейскай дзяржавай, імперыя поўнасцю разваліцца. Расія таксама з часам стане еўрапейскай дзяржавай, чаго мы ёй жадаем", — заявіў літоўскі палітык.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН