Ці хопіць партыі «Белая Русь» сяброўскіх унёскаў, каб здымаць офісы?

На што хопіць грошай у казне партыі «Белая Русь», якая заявіла, што будзе існаваць выключна на сяброўскія складкі, як тое рабілі іншыя недзяржаўныя партыі?

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

 Якую частку заробку сябры партыі «Белая Русь» будуць аддаваць у агульную казну? На што хопіць гэтых грошай, падлічыла «Народная Воля».

У суботу ў мінскім Доме афіцэраў адбылося першае пасяджэнне палітрады нядаўна створанай партыі «Белая Русь». У ліку іншага вырашалася і пытанне пра памер сяброўскіх унёскаў.

«Белай Руссю» было гучна заяўлена, што партыя мае намер існаваць на народныя грошы. Але памер унёскаў вызначылі надзвычай сціпла — не менш за 0,5% ад заработнай платы сябра партыі. Прычым выплачваць гэтыя ўнёскі кожны павінен штомесяц і самастойна, праз сістэму АРІП. Няўжо спадзяюцца на 100-працэнтны збор і што ўсе сябры не забудуць заплаціць?

Давайце прыкінем, ці хопіць партыі гэтых грошай, каб арандаваць залу Дома афіцэраў для сустрэч палітрады, утрымліваць офісы ў сталіцы і рэгіёнах, а таксама штат кіраўнікоў.


Сярэдні заробак у Беларусі — паводле звестак за сакавік — складаў 1814 рублёў. 0,5 працэнта ад гэтага заробку — 9 рублёў. Заснавальнікамі партыі, як вядома, з'яўляюцца 16 тысяч чалавек. Такім чынам, месячны бюджэт партыі — 144 тысячы рублёў.

Нагадаем, што ў Беларусі 118 раёнаў, і гэта калі не лічыць Мінска.

Ці хопіць 144 тысячы рублёў на офісы і заробкі, каб партыйнае кіраўніцтва «Белай Русі» смела заяўляла пра тое, што структура існуе без дзяржаўнай падтрымкі і толькі на сяброўскія складкі? Мяркуйце самі.