Ці паедуць беларускія войскі ў Арменію, калі тая папросіць дапамогі ў АДКБ

Арменія — дзяржава-сябр АДКБ, куды таксама ўваходзіць Беларусь, Расія, Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан, нагадвае «Наша Ніва».

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

Сёння пачаўся канфлікт паміж Азербайджанам і сатэлітам Арменіі — непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай.

Ваеннае становішча і мабілізацыя абвешчаны і ў Арменіі. Паводле першых, неразборлівых звестак, атакаваныя таксама аб'екты на тэрыторыі Арменіі.

Пры гэтым, Арменія — дзяржава-сябр АДКБ, куды таксама ўваходзіць Беларусь, Расія, Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан.

Згодна з чацвёртым пунктам дамовы аб АДКБ, «калі адна з дзяржаў-удзельнікаў пацерпіць ад агрэсіі з боку якой-небудзь дзяржавы ці групы дзяржаў, то гэта будзе разглядацца як агрэсія супраць усіх дзяржаў-удзельнікаў Дамовы. [У гэтым выпадку] удзельнікі прадаставяць неабходную дапамогу, уключаючы ваенную, а таксама акажуць падтрымку сродкамі ў парадку ажыццяўлення права на калектыўную абарону […]».

Такім чынам, канфлікт у Нагорным Карабаху не змушае сяброў АДКБ да ваеннай рэакцыі, гэтак жа ён не дае нагоды Арменіі звяртацца па дапамогу.

Але, калі азербайджанскія ці турэцкія войскі ўступяць на тэрыторыю Арменіі ці атакуюць аб'екты на яе тэрыторыі, гэта ўжо можа стаць нагодай для звароту Ерэвана ў АДКБ — пакуль што, як праінфармавалі ў АДКБ, такога звароту не было.

Калі ўявіць, што Арменія звернецца па дапамогу, то, гіпатэтычна, у выпадку ўхвалення запыту, беларускія вайскоўцы могуць адправіцца ў Арменію для выканання чацвёртага пункту дамовы аб АДКБ.

Але перад тым яшчэ мусіць адбыцца цяжкая працэдура калегіяльнага разгляду заяўкі і ўзгаднення пазіцый удзельнікаў — невядома, як гэта будзе адбывацца, бо такіх сур'ёзных прэцэдэнтаў у гісторыі арганізацыі яшчэ не было.