Ці рэальна сабраць 100 тысяч подпісаў?

Грамадскі актывіст Віктар Карняенка выказаўся пра перспектывы прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду сабраць неабходную колькасць подпісаў.

karne.jpg

Нагадаем, што ў хуткім часе ініцыятыўныя групы пачнуць збор подпісаў. Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты неабходна сабраць як мінімум 100 тысяч подпісаў.
Віктар Карняенка: Думаю, з улікам сітуацыі з каронавірусам сабраць неабходную колькасць подпісаў не зможа ніхто з прэтэндэнтаў. Ёсць спадзяванні, што некаторыя людзі ўсё-такі спатрэбяцца рэжыму для таго, каб паказаць прыстойную гульню, а таму зробяць выгляд, што яны неабходную колькасць сабралі.
Можна ўспомніць, што на мінулых выбарах адна з лідараў «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч вельмі ўдала ўпісалася ў сцэнар уладаў і, магчыма, гісторыя паўторыцца і гэтым разам, але з іншымі персанажамі.
РР: Цапкала і Бабарыка – новыя фігуры ў палітыцы. Як ацэньваеце іх ролю ў гэтай кампаніі?
Віктар Карняенка: Сітуацыя вельмі цікавая, і я не выключаю, што Масква спрабуе на гэтых выбарах хаця б пазлаваць Лукашэнку.
Але, ведаеце, у 1989 годзе ўсе тыя камісіі, якія прызначаліся ў гаркамах і райкамах партыі, перасталі працаваць. Яны перасталі займацца фальсіфікацыямі на карысць тых, хто іх прызначыў. Не выключаю, што такі момант набліжаецца і ў Беларусі. Можа быць, і не зараз, але гэта абавязкова некалі здарыцца.
Каронавірус зняў маскі з нашай улады, і яе твар стаў бачны ўсім.
Таму адчуваю, што гэтыя так званыя выбары будуць больш цікавыя, чым у 2015 годзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя