Ціханоўская сабрала 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдаткай у прэзідэнты

Ініцыятыўная група Святланы Ціханоўскай сабрала 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдаткай у прэзідэнты, паведамляе Еўрарадыё

Святлана Ціханоўская / Белсат

Святлана Ціханоўская / Белсат

«Подпісы сабраныя, цяпер нам трэба паехаць у розныя гарады і камісіі і здаць іх. Мы вельмі спадзяемся, што паспеем фізічна іх аб'ехаць і здаць. Гэта няпроста, улічваючы тое, які ціск на нас аказваецца, але мы вельмі пастараемся гэта зрабіць», — прыводзіць TUT.by словы Ціханоўскай.
Апошні дзень падачы подпісаў у выбарчыя камісіі — бліжэйшая пятніца, 19 чэрвеня.
Сяргея Ціханоўскага, мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнткі, затрымалі 29 траўня ў Гродне на выбарчым пікеце пасля правакацыі. На яго і яшчэ некалькіх чалавек пачалі крымінальную справу за арганізацыю і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Аднаго з затрыманых вінавацяць таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў.
На лецішчы Ціханоўскіх прайшлі ператрусы. Падчас ператрусу толькі трэцяя група следчых знайшла за канапай 900 тысяч долараў у пакеце.
Па «справе Ціханоўскага» пад вартай у Мінску знаходзяцца Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Васіль Баброўскі і Арцём Сакаў.
Таксама міліцыянты затрымліваюць чальцоў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Напрыклад, 15 чэрвеня ў Брэсце затрымалі Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы. Больш за 10 чальцоў ініцыятыўнай групы зазналі пераслед, затрыманні і адміністрацыйныя пакаранні.
Раней пра збор неабходнай колькасці подпісаў заяўлялі Аляксандр Лукашэнка, Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала, Ганна Канапацкая, Наталля Кісель (15 чэрвеня знялася з прэзідэнцкай гонкі).