Генадзь Фядыніч: Яны пабаяцца кінуць банкіра за краты…

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў ціск, які ідзе на каманду прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі.

fjadynicz.jpg



Нагадаем, што 11–13 чэрвеня сілавікі абшукалі галаўны офіс “Белгазпрамбанка” і яго рэгіянальную сетку. У выніку затрыманы 15 чалавек, у тым ліку намеснікі старшыні праўлення банка. Таксама Нацбанк увёў у “Белгазпрамбанку” часовую адміністрацыю.

Бабарыка заявіў, што такім чынам улады спрабуюць аказваць ціск на яго.

Генадзь Фядыніч пракаментаваў гэта «Радыё Рацыя»:

— Мы бачым па гэтай справе, што ўлада нават не асабліва клапоціцца пра захаванне твару. Яна паказвае, што, маўляў, мы можам зрабіць усё, што захочам. Аднак гэта можа мець непрыемныя наступствы, бо беларускія ўлады “наехалі” не проста на структуру “Газпрама”. Гэта грошы тых бізнесменаў, якія маюць уплыў і на Пуціна.

19 чэрвеня плануецца працоўны візіт у Менск міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова, таму ўпэўнены, што гэтая сітуацыя будзе ў цэнтры ўвагі. Тым больш, што парушаны ўсе нормы заканадаўства.

Хаця ўсе разумеюць, што гэта адкрыты наезд на Бабарыку, у якім Лукашэнка ўбачыў рэальнага канкурэнта. Магчыма, улады нават пабаяцца кідаць банкіра за краты, таму і б’юць па блізкіх яму людзях.

Афіцыйная версія гучыць так: маўляў, справа “Белгазпрамбанка” не звязаная з выбарчай кампаніяй Віктара Бабарыкі, уся гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў 2016 годзе…

— Казачная прыдумка — не больш за тое. Калі б банкір не пайшоў у прэзідэнты, гісторыя з “Газпрамбанкам” наогул не мела б ніякі працяг. Банк сёння працаваў бы ў звычайным рэжыме, а па БТ распавядалі б пра мецэната Віктара Бабарыку, які вяртае творы мастацтва ў Беларусь і дапамагае розным культурніцкім праектам.

Калі справа пачалася ў 2016 годзе, то дзе праваахоўнікі былі чатыры гады? Не веру я ў такія супадзенні.

Чаму ўлады пайшлі на такі рызыкоўны крок?

— Як ужо казаў, у Віктару Бабарыку ўбачылі вялікую небяспеку. Банкір, безумоўна, вельмі далёкі ад народа, але народ аддае галасы не столькі за яго, колькі супраць Лукашэнкі.

Таму ўлада зараз не думае пра наступствы, ім найперш трэба нейтралізаваць праціўніка. А далейшыя праблемы, відаць, будуць вырашаць па меры іх з’яўлення. Галоўная задача зараз – любой цаной захаваць уладу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя