Да спробы патрапіць у жытло Тамары Сяргей і Валянціны Каваленка прыцягнулі міліцыю

Каля паўдня 10 жніўня ў Мінску і Бабруйску (Магілёўская вобласць) судовыя выканаўцы паспрабавалі патрапіць у жыллё актывістак Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, мінчанкі Тамара Сяргей і бабруйчанкі  Валянціны Каваленка.

На здымку – Валянціна Каваленка (другая злева) і Тамара Сяргей (чацвёртая злева) пад час пікету 31 сакавіка на плошчы Свабоды ў Мінску

На здымку – Валянціна Каваленка (другая злева) і Тамара Сяргей (чацвёртая злева) пад час пікету 31 сакавіка на плошчы Свабоды ў Мінску


Нагадаем, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны зладзілі несанкцыянаваны пікет дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.  
За гэтую недазволеную акцыю суддзі суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня і Валер Есьман аштрафавалі, адпаведна, праваабаронцу Тамару Сяргей на 40 базавых велічынь (840 руб.) і Валянціну Каваленка на 20 базавых велічынь (420 руб.).
27 ліпеня і 4 жніўня судовыя выканаўцы двойчы спрабавалі патрапіць у мінскую кватэру Тамары Сяргей, каб зрабіць агляд жылля і высветліць матэрыяльны стан праваабаронцы. У якасці падставы для агляду была названая вялікая сумма штрафу, якую павінна ўнесці ў фонд дзяржавы юрыстка. Аднак яна адмовілася дапускаць судовых выканаўцаў у сваю кватэру.
Да трэцяй спробы патрапіць у жытло праваабаронцы, што адбылася 10 жніўня ў Мінску, судовыя выканаўцы прыцягнулі міліцыю. Аднак дзверы ім ніхто не адчыніў.
У гэты ж час падобнае адбылося і ў Бабруйску, дзе судовыя выканаўцы разам з міліцыянтамі паспрабавалі патрапіць на тэрыторыю прыватнай сядзібы Валянціны Каваленка. Аднак веснічкі ім ніхто не адчыніў.
У каментары НЧ Тамара Сяргей заявіла, што ў найноўшай гісторыі Беларусі дзяржава не аднойчы дэманстравала грамадзянам розныя метады запужвання, а часам і адкрытага гвалту. “На нашым прыкладзе дзяржава дэманструе грамадзянам, як насамрэч адносіцца да тых, хто жадае дыялогу з уладамі”, — сказала праваабаронца.