ДАІ склала пратаколы на 4-х абаронцаў Курапатаў, якія ляглі перад аўтамабілем

ДАІ склала пратаколы на чатырох абаронцаў Курапатаў, якія 16 чэрвеня перашкаджалі праезду на аўтамабілі да забаўляльнага комплексу «Паедзем паядзім» яго адміністратара Святланы Дубковай.

dai_1.jpg

Як паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, актывісты ляглі на дарогу перад аўтамабілем, каб перашкаджаць яго праезду на тэрыторыю забаўляльнага комплексу каля Курапатаў. Пасля гэтага супрацоўнікі ДАІ, якія дзяжурылі там, склалі пратаколы ў дачыненні да актывістаў Дзяніса Урбановіча, Маі Навумавай, Леаніда Кулакова і Максіма Вінярскага.
Севярынец не выключае, што ў дачыненні да гэтых людзей пазней будуць складзены пратаколы аб парушэнні кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Паводле слоў палітыка, цяпер каля забаўляльнага комплексу знаходзіцца недзе дзесяць актывістаў, якія выступаюць супраць працы забаўляльнага комплексу каля Курапатаў.
Акцыі пратэсту праходзяць каля рэстарана штодня з 31 траўня.
Паводле Радыё Рацыя