Дзярждэпартамент ЗША: У Беларусі дыскрымінуюць носьбітаў беларускай мовы

Дзяржаўны дэпартамент ЗША апублікаваў справаздачу аб правах чалавека ў свеце. Беларусь у дакладзе называецца аўтарытарнай дзяржавай, дзе стала парушаюцца правы чалавека. Прадставіў даклад журналістам дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.



kerry.jpg

Джон Кэры
Сярод найбольш значных праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі Дзярждэпартамент называе той факт, што і ў 2013 годзе грамадзяне не змаглі змяніць уладу ў краіне шляхам выбараў.
У дакладзе сцвярджаецца, што ўсе прэзідэнцкія выбары, якія праводзіліся пасля 1994 года, у тым ліку выбары прэзідэнта 2010 года, не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі.
Сярод іншых парушэнняў правоў чалавека называюцца зняволенне людзей паводле палітычных матываў, у тым ліку за крытыку чыноўнікаў і ўдзел у дэманстрацыях, злоўжыванні з боку сілаў бяспекі, якія збівалі людзей падчас затрыманняў дэманстрантаў, катаванні і жорсткае абыходжанне ў турмах.
Судовая сістэма Беларусі, паводле Дзярждэпа ЗША, не з'яўляецца незалежнай і зазнае ўмяшанне дзяржавы, а многія судовыя працэсы адбываюцца ў закрытым парадку.
Улады па-ранейшаму не паважаюць недатыкальнасць жылля, абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды, уключаючы свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцый, рэлігіі і перамяшчэння.
Улады Беларусі, паводле амерыканскага Дзярждэпа, пераследуюць праваабарончыя групы, палітычныя партыі, няўрадавыя арганізацыі (НДА), адмаўляюць ім у рэгістрацыі, а пасля прыцягваюць да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Гандаль людзьмі застаецца вялікай праблемай для Беларусі.
У 2013 годзе мелі месца факты дыскрымінацыі геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і транссэксуалаў (ЛГБТ), асобаў з абмежаванымі магчымасцямі, этнічных меншасцяй, у прыватнасці, цыганоў.
Парушаліся ў 2013 годзе і правы прафсаюзаў.
Таксама ў дакладзе сцвярджаецца, што ў Беларусі маюць месца факты дыскрымінацыі тых, хто імкнецца выкарыстоўваць ў грамадскай сферы беларускую мову.
Па кожнай сферы парушэння правоў чалавека ў дакладзе маецца асобны раздзел.
У спецыяльным раздзеле «Акадэмічныя свабоды і пытанні культуры» даклада Дзяржаўны дэпартамент ЗША сцвярджае, што ўрад Беларусі па-ранейшаму забараняе настаўнікам і дэмакратычным актывістам садзейнічаць больш шырокаму выкарыстанню беларускай мовы і захаванню беларускай культуры.
Напрыклад, шэраг універсітэтаў па ўсёй краіне па-ранейшаму не набірае новых студэнтаў на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры, спасылаючыся на нізкі попыт і адсутнасць працы для будучых спецыялістаў.
Улады таксама абмяжоўвалі культурныя мерапрыемствы, прымушаюць апазіцыйныя тэатральныя і музычныя калектывы выступаць у прыватных кватэрах або зусім забараняюць іх выступы. Улады таксама душаць неафіцыйныя памятныя мерапрыемствы ўшанавання гістарычных датаў і падзей.
Акрамя таго, як сцвярджаецца ў дакладзе, урад Беларусі абмяжоўвае дзейнасць неафіцыйнага Саюзу пісьменнікаў і шырока падтрымлівае праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Улады таксама пераследавалі распаўсюджвальнікаў кніг, аўтарамі якіх з'яўляюцца крытычныя і незалежныя пісьменнікі, а таксама кніг на беларускай мове.
svaboda.org