Абама прыгразіў Пуціну палітычнай і эканамічнай ізаляцыяй

Прэзідэнт ЗША Барак Абама сказаў, што далейшае парушэнне ўкраінскага суверэнітэту з боку Расіі паўплывае на яе становішча на міжнароднай арэне і можа прывесці нават да ізаляцыі.



official_white_house_photo.jpg

Official White House photo

Пра гэта ён заявіў у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якая доўжылася 90 хвілін, гаворыцца ў паведамленні Белага дома.

"Прэзідэнт Абама даў зразумець, што далейшае парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны з боку Расіі можа негатыўна паўплываць на пазіцыі Расіі ў міжнароднай супольнасці", - сказана ў паведамленні.

"У бліжэйшыя гадзіны і дні Злучаныя Штаты будуць весці неадкладныя кансультацыі з саюзнікамі і партнёрамі ў Савеце Бяспекі ААН, Паўночнаатлантычным альянсе, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, і падпісантамі Будапешцкага мемарандума. Злучаныя Штаты прыпыняць далейшы ўдзел у падрыхтоўчых нарадах да Вялікай Васьмёркі. Потым, парушэнне нормаў міжнароднага права з боку Расіі прывядзе да большай палітычнай і эканамічнай ізаляцыі", - сказана ў заяве.


Прэзідэнт Абама сказаў Пуціну, што, калі Расія занепакоеная стаўленнем да этнічных рускіх і меншасцяў ва Украіне, "належным спосабам вырашэння гэтай занепакоенасці з'яўляецца прамое ўзаемадзеянне з урадам Украіны і адпраўка міжнародных назіральнікаў пад эгідай Савета Бяспекі ААН або АБСЕ". Як член абедзвюх арганізацый, Расія зможа ўдзельнічаць у такіх місіях, дадаў ён.
Прэзідэнт Абама заклікаў неадкладна прыкласці намаганні, каб пачаць дыялог паміж Расіяй і ўкраінскім урадам, з дапамогай міжнароднай супольнасці, у выпадку неабходнасці. Злучаныя Штаты гатовы ўдзельнічаць у такім працэсе.

"Народ Украіны мае права вызначаць сваю будучыню. Прэзідэнт Абама загадаў адміністрацыі працягнуць неадкладную працу з міжнароднымі партнёрамі, каб забяспечыць падтрымку ўкраінскага ўрада, у тым ліку неадкладнай тэхнічнай і фінансавай дапамогі", - адзначаецца ў паведамленні.


"У далейшым мы будзем працягваць цесныя кансультацыі з саюзнікамі і партнёрамі, урадам Украіны і Міжнародным валютным фондам, каб забяспечыць новы ўрад значнай дапамогай для забеспячэння фінансавай стабільнасці, каб падтрымаць неабходныя рэформы, каб дазволіць Украіне правесці паспяховыя выбары, і каб падтрымліваць Украіну на шляху да дэмакратычнай будучыні", - падкрэслілі ў Белым доме.