Эксперт пра візіт Мішусціна: Масква проста выціскае з Беларусі незалежнасць

Доктар палітычных навук Павел Усаў напісаў калонку для «Белсата», у якой ацаніў бліжэйшыя перспектывы «саюзнага праекту» Расіі і Беларусі.

trudnosti_integracii_pazly_3_780x405.jpg

— Ацэньваючы нядаўні візіт пашыранай дэлегацыі на чале з прэм’ер-міністрам РФ Мішусціным у Минск, можна сказаць, што інтэграцыйны працэс падыходзіць да завяршальнай стадыі, — піша Павел Усаў. — Масква працягвае актыўна рэалізоўваць свой падыход у інтэграцыйным захопе Беларусі, які грунтуецца на ўсталяванні сістэмнага эканамічнага і палітычнага кантролю над рэспублікай. У выніку гэта павінна ператварыць нашу краіну ў паўсубʼект Расійскай Федэрацыі з захаваннем толькі фармальных атрыбутаў незалежнай дзяржавы.

Візіт Мішусціна ў Беларусь дэманструе, што палітычны ціск на Беларусь не слабее і, найхутчэй, з інтэграцыйнай пасткі, у якую краіну загнаў Лукашэнка, ужо не выбрацца. Відаць, як Масква проста выціскае з Беларусі незалежнасць. Расійскія эліты зацікаўленыя ў тым, каб рэалізаваць ключавыя палажэнні па «праграме паглыблення інтэграцыі» яшчэ сёлета і таму паскараюць працэс. Калі прыняцце праграмы не адбудзецца ў гэтым годзе, пакуль Лукашэнка саслаблены вядзеннем ўнутранай вайны з беларускім грамадствам, зрабіць гэта пазней будзе складана з шматлікіх прычынаў. Адной з якіх могуць быць унутраныя праблемы ў самой Расіі.

Можна чакаць, што ключавыя пункты «праграмы» будуць падпісаныя ў Маскве 22 красавіка падчас сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі. У сваю чаргу, беларускае грамадства дагэтуль не ведае дэталяў так званай «дарожнай карты інтэграцыі», якая ўтрымлівае ў сабе 30 базавых элементаў эканамічнага і палітычнага зліцця. Хоць гэта ўжо не мае ніякага значэння, так як супрацьпаставіць што-небудзь расійскай інтэграцыйнай экспансіі вельмі складана. Гэты працэс непарыўна звязаны з знаходжаннем Лукашэнкі ва ўладзе.

Таксама на гэтым этапе няма падстаў меркаваць, што беларускі дыктатар у стане «адмовіцца» ад выканання крамлёўскага ультыматуму (сочынскіх пагадненняў). У гэтым выпадку, ціск Расіі ў падрыве легітымнасці і пазіцый Лукашэнкі ў Беларусі ўзмоцніцца. Улічваючы агульную крызісную сітуацыю ў краіне і міжнародную ізаляцыю інфармацыйная, эканамічная і палітычная атака Масквы прывядзе да канчатковага разбурэння рэжыму.

Кіраўнік Беларусі ўжо быў вымушаны пайсці на саступкі ў сферы стратэгічнага супрацы з Расіяй. У сакавіку 2021 года падпісалі «праграму стратэгічнага партнёрства паміж міністэрствамі абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі», і яна датычыцца далейшага развіцця гэтай званай рэгіянальнай групы войскаў, ваенна-тэхнічнай супрацы. Яна таксама ўключае стварэнне сумесных навучальных цэнтраў.

Такім чынам, Лукашэнка проста вымушаны аддаваць кавалкі эканамічнага і стратэгічнага суверэнітэту краіны. Так ці інакш, інтэграцыя падыходзіць да сваёй завяршальнай стадыі. У сваю чаргу для Расіі гэта будзе істотны геапалітычны прарыў і важная палітычная перамога Пуціна, якая ўзмоцніць становішча Расіі ў яе супрацьстаянні з Захадам.