Еўрасаюз забараніў увозіць на сваю тэрыторыю грузы на беларускіх і расійскіх фурах

У рашэнні Еўрасаюза, апублікаваным у афіцыйным часопісе, гаворыцца, што ЕС у адпаведнасці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзіт грузаў аўтатранспартам з Беларусі і Расіі на тэрыторыю Еўрасаюза.

2416147.jpg


Фуры, якія збіраліся заехаць у ЕС з Беларусі і Расіі, з 9 красавіка не змогуць гэтага зрабіць.
Да 16 красавіка забарона не распаўсюджваецца на перавоз грузаў, які пачаўся да 9 красавіка: беларускія фуры, якія ўжо заехалі на тэрыторыю Еўрасаюза, могуць вярнуцца ў Беларусь. Таксама фуры, якім неабходны транзітны праезд праз ЕС, каб вярнуцца ў Беларусь, могуць заехаць у Еўрасаюз. З 16 красавіка ўводзіцца поўная забарона на праезд грузавым транспартам Беларусі і Расіі мяжы з ЕС.
Але ёсць выключэнні. Забарона не распаўсюджваецца на грузавы транспарт, які перавозіць пошту. Таксама кампетэнтныя органы дзяржавы – чальца ЕС могуць дазволіць перавоз грузаў з Беларусі, неабходных для:

  • куплі, імпарту або транзіту ў ЕС прыроднага газу і нафты, у тым ліку нафтапрадуктаў, а таксама тытанавай, алюмініевай, меднай, нікелевай, паладыевай і жалезнай руды;
  • куплі, імпарту або транзіту ў ЕС фармацэўтычных, медыцынскіх, сельскагаспадарчых і харчовых прадуктаў, уключаючы пшаніцу і ўгнаенні;
  • гуманітарных мэт;
  • дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў ЕС у Беларусі, у тым ліку дэлегацый, амбасад і місій, або міжнародных арганізацый у Беларусі, якія карыстаюцца імунітэтам у адпаведнасці з міжнародным правам.

У рашэнні гаворыцца, што краіна — чалец Еўрасаюза мусіць інфармаваць іншыя краіны ЕС і Еўракамісію аб кожным рашэнні, якое будзе датычыць дазволу на ўезд фур з Беларусі і Расіі цягам двух тыдняў з моманту дазволу.
8 красавіка Рада ЕС аб'явіла пра ўвядзенне пятага пакета санкцый супраць Расіі, якія закранаюць і Беларусь: забараняюцца любыя расійскія і беларускія аўтатранспартныя перавозкі тавараў на тэрыторыі ЕС, у тым ліку транзітам, а таксама ўводзіцца забарона на дэпазіты, крыптакашалькі і продаж банкнот і каштоўных папер, намінаваных у любой з валют дзяржаў – чальцоў ЕС, у Расію і Беларусь ці любой фізічнай або юрыдычнай асобе, арганізацыі, органу ў Расіі і Беларусі.