Freedom House аднесла Беларусь да несвабодных краінаў

У штогадовым рэйтынгу «Свабода ў свеце-2020» амерыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House прылічыла Беларусь да катэгорыі несвабодных краінаў.

freedom.jpg

Паводле ацэнкі складальнікаў рэйтынгу, у Беларусі у 2019 годзе выконваліся 5 з 40 палітычных правоў і 14 з 60 грамадзянскіх свабодаў. У выніку ўзровень свабоды ў Беларусі ацэнены ў 19 балаў з 100. Аналагічную ацэнку Беларусь атрымала ў мінулым рэйтынгу.
Эксперты асобна звяртаюць увагу на парламенцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі і падчас якіх прадстаўнікі апазіцыі ў парламент не трапілі.
Са 195 краін, якія разглядаліся ў рэйтынгу, 83 (43%) аднесены да «свабодных», 63 (32%) да «часткова свабодных» і 49 (25%) — да «несвабодных».

freedom_2.jpg

«Доля» свабодных «краінаў за апошняе дзесяцігоддзе знізілася на 3 працэнтныя пункты, а працэнт "часткова свабодных" і "несвабодных" вырас на 2 і 1 пункты адпаведна», — адзначаецца ў дакладзе.
Акрамя Беларусі, да несвабодных Freedom House аднесла 48 краін і тэрыторый. Сярод іх Расія, Кітай, Паўночная Карэя, Турцыя і г.д. Самымі несвабоднымі, паводле ацэнак дакладу, з’яўляюцца Сірыя, Тыбет і Туркменістан.
Паводле thinktanks.by