Як Пуцін выбівае базавы ідэалагічны элемент улады Лукашэнкі

Традыцыйнае пасланне Уладзіміра Пуціна Федэральнаму Збору Расійскай Федэрацыі выклікала глабальны ажыятаж. BSBlog звярнуў увагу на два важных для Беларусі моманту.

lenin_4.jpg

Калі з вуліц і плошчаў беларускіх гарадоў знікне апошні помнік Леніну?

Уладзімір Пуцін упершыню афіцыйна і адназначна заявіў: СССР — гэта Расія. Проста з 1922 па 1991 год яна так называлася. А затым пералічыў, колькі працэнтаў тэрыторыі, ваеннага і прамысловага патэнцыялу страціла Расія ў выніку роспуску СССР.

Што Крэмль збіраецца рабіць са «згубленымі тэрыторыямі»: вяртаць ці «прапала-так прапала»? І калі вяртаць, то ў якой форме і якімі інструментамі?

«Расія імкліва адстае і выпадае з сусветнага развіцця. Масква не генеруе прывабнага вобраза будучыні і не мае больш патэнцыялу стаць кропкай мірнай зборкі постсавецкай прасторы. Але пакуль яшчэ валодае значнымі сілавымі магчымасцямі. Атрымліваецца, што адзіны спосаб «вяртання» — праз знешнюю агрэсію», — піша BSBlog.

Другая выснова з «прыватызацыі» Расіяй савецкага перыяду: забудзьцеся пра агульную гісторыю, пра перамогу над гітлераўскай Нямеччынай, пра першага чалавека ў космасе, месяцаход, станцыі «Венера» і першы ў свеце атамны ледакол. Падобнага няма ў іншых постсавецкіх краінах, Расія забірае ўсе дасягненні савецкіх 70-ці гадоў сабе і толькі сабе. А жадаючыя далучыцца могуць гэта зрабіць, стаўшы Расіяй.

Такім чынам, лагічна і прадказальна падрываецца база таго, што называецца «ідэалогіяй беларускай дзяржавы». Пуцін выбівае адзін з базавых ідэалагічных элементаў улады Аляксандра Лукашэнкі: апеляваць да «дзяржаўнасьці» БССР больш не дарэчы.

«У афіцыйнага Мінска, па сутнасці больш не застаецца выбару. Дэсаветызацыя становіцца неабходнай для яго выжывання. І гэта як раз той выпадак, калі інтарэсы «султана» і нацыі супадаюць», — адзначаецца ў артыкуле.

Па прагнозах экспертаў, помнікі ўмоўнага Леніна ніхто пакуль зносіць не будзе. Аднак паралельна з неасавецкай ідэалагічнай лініяй «пры падтрымцы дзяржавы ў той ці іншай форме будзе развівацца дыскурс несавецкі, а месцамі нават антысавецкі. Гэты нацыянальны дыскурс паступова будзе замяшчаць «савок», пакуль канчаткова не выцесніць апошні ў маргінез».

Ільічы пачнуць знікаць з вуліц і плошчаў беларускіх гарадоў на завяршальным этапе. І без усякай ідэалагічнай падаплёкі: проста падтрыманне ў прыстойным выглядзе савецкіх балванаў стане ўспрымацца бессэнсоўнай тратай грошай падаткаплацельшчыкаў. Савецкі перыяд перастане быць сваёй гісторыяй, а значыць і большасць аб'ектаў манументальнай прапаганды гэтага перыяду пойдуць ва ўтыль.

«Беларусь вяртаецца на нармальны трэк гістарычнага і нацыянальнага будаўніцтва. І немалая заслуга ў гэтым належыць Уладзіміру Пуціну. Хоць ён і не здагадваецца» — такая выснова аўтара артыкула.

Паводле Заўтра тваёй краіны