Як скандальны ўкраінскі алігарх, каб пазбегнуць экстрадыцыі, стаў беларускім дыпламатам?

Алігарху Дзмітрыю Фірташу пагражае да 50 гадоў турмы і канфіскацыя ўсіх актываў. Аднак з 2014 года і да гэтага часу ён аспрэчвае сваю экстрадыцыю ў ЗША.

Дзмітрый Фірташ. Фота з сайта versia.ru

Дзмітрый Фірташ. Фота з сайта versia.ru


Украінскі бізнесовец Дзмітрый Фірташ нейкім дзівам стаў дарадцам пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры арганізацыях у ААН.

Цяпер адыёзны бізнесовец Дзмітрый Фірташ спрабуе атрымаць дыпламатычны імунітэт з-за працы пры UNIDO — у адным з малавядомых для шырокай грамадскасці міжнародных агенцтваў у структуры ААН, якое павінна спрыяць індустрыялізацыі посткаланіяльных краін трэцяга свету.

Як піша «Еўрапейская праўда», гэта вынікае з тэксту рашэння Вышэйшага зямельнага суда Вены па крымінальных справах ад 14 чэрвеня. Гэты дакумент ёсць у распараджэнні ў журналістаў  «Нямецкай хвалі».

У тэксце рашэння Вышэйшага зямельнага суда Вены адзначаецца, што Фірташ мае статус дарадцы пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене.

Нота аб дэлегаванні ўкраінскага бізнесмена ў якасці прадстаўніка пры ААН па прамысловым развіцці была перададзена ў штаб-кватэру UNIDO 29 чэрвеня 2021 года. Менавіта на падставе гэтага статусу Фірташ патрабуе спыніць працэдуру экстрадыцыі ў ЗША, спасылаючыся на дыпламатычны імунітэт.

Ключавы аргумент абароны Фірташа ў справе аб экстрадыцыі — пасада, якую той заняў пры UNIDO, якая, на думку яго адвакатаў, прадугледжвае дыпламатычны імунітэт ад крымінальнага пераследу.

Каб даказаць, што Фірташ як дарадца пры UNIDO мае статус дыпламата, уключаючы дыпламатычную недатыкальнасць, адвакаты бізнесоўца ў кастрычніку 2021 года перадалі суду юрыдычную экспертызу, падрыхтаваную адным з заходнееўрапейскіх прафесараў па міжнародным праве.

У той жа час Міністэрства юстыцыі Аўстрыі паведаміла суду, што Фірташ не акрэдытаваны належным чынам пры UNIDO і не мае адпаведнай акрэдытацыйнай карткі ад аўстрыйскага Міністэрства замежных спраў. Гэта значыць, урад у Вене не лічыць яго асобай, на якую распаўсюджваюцца прывілеі дыпламата, уключаючы прававы імунітэт.

Суды папярэдніх інстанцый улічылі паведамленне аўстрыйскага Мінюста і не прызналі дыпламатычнага імунітэту Фірташа, аднак рашэннем ад 14 чэрвеня Вышэйшы зямельны суд Вены па крымінальных справах вярнуў справу на разгляд у першую інстанцыю, абавязаўшы суд даць самастойную прававую ацэнку, незалежна ад пазіцыі Мінюста Аўстрыі, у тым, прызнаваць ці не дыпламатычны імунітэт Фірташа.

У пасольстве Беларусі ў Вене не адказалі, чым менавіта займаецца Дзмітрый Фірташ у статусе дарадцы пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у аўстрыйскай сталіцы.

Таксама невядома, ці было прызначэнне Фірташа дарадцам у Вене ўзгоднена з беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам або ўрадам у Мінску і па чыёй менавіта ініцыятыве ўкраінец пачаў працаваць дарадцам пры прадстаўніцтве Беларусі.

Фірташа затрымалі ў Аўстрыі ў сакавіку 2014 года па запыце амерыканскіх следчых, але выпусцілі пад заклад у 125 мільёнаў еўра, і з тых часоў ён аспрэчвае сваю экстрадыцыю ў ЗША.

Алігарху пагражае да 50 гадоў турмы і канфіскацыя ўсіх актываў.

16 чэрвеня 2023 года аўстрыйскі суд вынес рашэнне на карысць Фірташа па справе аб патрабаванні экстрадаваць яго ў ЗША па абвінавачванні ў карупцыі.

Нагадаем, як пісаў «НЧ»,  Дзмітрый Фірташ мог дапамагаць рэжыму Лукашэнкі абыходзіць транспартныя абмежаванні перад самым пачаткам вайны.