Якой краіны не будзе праз 100 гадоў? Беларусь — у кандыдатах на знікненне

На форуме Reddit, вельмі папулярным у ЗША, Канадзе і Вялікабрытаніі, зʼявілася пытанне «Якая краіна з найменшай імавернасцю будзе існаваць праз 100 гадоў?». Сярод адказаў карыстальнікаў большасць лайкаў набраў адказ «Мальдзівы». Другім па папулярнасці стаў адказ «Беларусь».

6508826003201fe816896d0951ef3718.i1200x680x650.webp

Асобныя карыстальнікі пад гэтым адказам патлумачылі, чаму яны таксама так лічаць.

«У 1997 годзе Беларусь і Расія ўжо падпісалі дамову аб Саюзнай дзяржаве, якая заклала аснову для паглынання Беларусі Расійскай Федэрацыяй», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«У іх агульны Мытны саюз (пры ўездзе ў адну ці другую краіну вы атрымліваеце адзіную міграцыйную карту для абедзвюх краін) і яны прапаноўваюць масу льгот грамадзянам адна адной, аднак у іх свае асобныя пашпарты. Чорт пабяры, я нават бачыў беларускае пасольства ў Маскве. Беларусь успрымаецца як меншая, ціхая і больш гопніцкая версія Расіі, але яна прадукуе шмат сельскагаспадарчай тэхнікі».

Іншы карыстальнік напісаў, што хутчэй за ўсё прычына ў палітыцы Пуціна, які імкнецца стварыць мяжу (буферную зону) паміж Расіяй і Еўропай і пры гэтым мець кантроль над ёю. Такая буферная зона магла б служыць абаронаю ад ваенных пагроз. І гэта адна з прычын, чаму ўсходнія тэрыторыі Украіны такія каштоўныя для Пуціна.

«Ты маеш рацыю. Палітычнае паглынанне краін Расіяй падрывае ўсю іх (Еўропы) геапалітычную стратэгію, якая заключаецца ў захаванні буфера надзейных саюзнікаў паміж Расіяй і Еўропай», — падтрымлівае меркаванне іншы карыстальнік.

Глядзіце таксама

Але знайшліся тыя, хто выказаў супрацьлеглае меркаванне:

«Так, Расія зараз выглядае цалкам здольнай на паглынанне іншых краін. Калі Лукашэнка памрэ, калі не раней, Беларусь стане дэмакратыяй, уступіць у НАТА і ЕС. Расія выводзіць войскі і тэхніку з Беларусі. Цяпер у іх няма ні магчымасцяў, ні інтарэсаў у захопе Беларусі.

Расія — гулец, які пастаянна падвойвае стаўкі, каб вярнуць свае страты. Гэта зробіць іх занадта аслабленымі, каб умяшацца ў Беларусь. Калі б яны зменшылі свае страты і пакінулі Украіну, калі б стала відавочна, што яны не могуць перамагчы, то ў іх яшчэ б засталіся сілы паглынуць Беларусь. Гэта было б разумна», — піша яшчэ адзін карыстальнік.

«Пацешна, я з Беларусі, і кожны раз, калі пра гэта падымаецца пытанне на Reddit, большая частка таго, што кажуць людзі, проста няправільная ці неверагодна спрошчаная. Прымушае мяне задумацца пра тое, што я чытаю пра іншыя краіны», — запярэчыў карыстальнік з Беларусі.

Reddit — гэта сайт, які спалучае рысы сацыяльнай сеткі і форуму, на якім карыстальнікі могуць размяшчаць якую-небудзь інфармацыю і абмяркоўваць яе. Reddit падтрымлівае сістэму галасавання за ўпадабаныя паведамленні — найбольш папулярныя з іх аказваюцца на загалоўнай старонцы сайта.

Паводле «Наша ніва», BGmedia