«Ён жывы, але самаадчуванне дрэннае»

Да Віталя Шклярава ў СІЗА дапусцілі амерыканскага консула і адваката.

Фота day.gudkov.ru

Фота day.gudkov.ru


Нядаўна Віталь Шкляров перанёс у зняволенні каронавірус, пасля якога яго стан пагоршыўся.
— Мне ўдалося патрапіць да Віталя. Дзякуй Богу, ён жывы, але самаадчуванне ў яго дрэннае. Ён моцна схуднеў, скардзіцца на болі ў сэрцы, кажа, што праз арытмію не можа спаць — распавёў "Салідарнасці" адвакат Шклярова Антон Гашынскі. — Мы перадалі ўсе лекі ў СІЗА, але яму іх не выдаюць, магчыма, з-за таго, што там кроплі з утрыманнем спірту.
Адвакат таксама сказаў, што лекар ягонага падабароннага не аглядаў, аднак да яго 7 кастрычніка дапусцілі амерыканскага консула Нікаласа Хельцэля.
— Пакуль следчыя дзеянні ў сувязі з яго затрыманнем не праводзяцца, яго проста ўтрымліваюць пад вартай і ўсё. Я планую, што зноў траплю да яго ў пятніцу, — сказаў Гашынскі.
Нагадаем, палітычны кансультант, паліттэхнолаг, дарадца выбарчых кампаній Барака Абамы, Берні Сандэрса, Ангелы Меркель, Ксеніі Сабчак, Дзмітрыя Гудкова Віталь Шкляраў быў затрыманы 29 ліпеня.
З тых часоў ён знаходзіцца ў мінскім СІЗА. Шклярову выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".