Карбалевіч: Спроба Лукашэнкі напужаць Захад небяспечная для суверэнітэту Беларусі

Спроба беларускага кіраўніка напужаць Захад расійскай вайсковай прысутнасцю небяспечная для суверэнітэту нашай краіны.

hdeb.jpg

Расійскі палітычны клас ужо цягам года шукае адказ на пытанне, што рабіць з Беларуссю. Дакладней, як утрымаць краіну ў расійскай арбіце ў перыяд палітычнага крызісу, у якім аказаўся саюзнік? — піша палітычны аналітык Валерый Карбалевіч у сваім Тэлеграме

Свой варыянт адказу прапанаваў галоўны рэдактар часопіса «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў у сваім артыкуле з вельмі характэрнай назвай: «Што трэба зрабіць Маскве, каб прывязанасць да яе Беларусі не залежала ад Лукашэнкі».

Фёдар Лук’янаў лічыць, што «трымаць „вонкавы контур“, гэта значыць задаваць рамкі для палітыкі краіны — важнага суседа», лепш за ўсё з дапамогай «расійскай вайсковай прысутнасці», напрыклад вайсковай базы.

Нельга сказаць, што аўтар артыкулу тут вельмі арыгінальны. Ажыццяўляць кантроль над іншай краінай з дапамогай войскаў — практыка старая, як гэты свет. Яе выкарыстоўваюць з таго часу, як з’явіліся на зямлі дзяржаўныя ўтварэнні. За тысячы гадоў нічога новага чалавецтва не прыдумала.

Цікава, што Лук’янаў адкідае гульню ў папулярную ў сённяшнім свеце канцэпцыю «мяккай сілы». Бо лічыць, што нават эканамічная прывязка не дае гарантыі геапалітычнай лаяльнасці. Магчыма, справа тут у тым, што расійская «мяккая сіла» не з’яўляецца надта прывабнай у свеце.

Але варта заўважыць, што нават вайсковая прысутнасць не з’яўляецца гарантыяй залежнасці ці лаяльнасці да той дзяржавы, якая паслала войскі. У гісторыі процьма прыкладаў, калі краіна набывала незалежнасць насуперак акупантам. Вось жа прысутнасць савецкіх войскаў у краінах Усходняй Еўропы не змагла перашкодзіць ім вызваліцца ад апекі СССР. Ці больш свежы прыклад: наяўнасць расійскай вайскова-марской базы ў Севастопалі не стала перашкодай у павароце Украіны на Захад.

З другога боку, нішто не перашкодзіць Расіі ўвесці свае войскі ў Беларусь у нейкі крытычны момант, нават калі тут і не будзе расійскай вайсковай базы.

Гэта значыць, вайсковая прысутнасць не панацэя геапалітычнай лаяльнасці. З іншага боку, такая прысутнасць — гэта заўсёды раздражняльны чыннік для любой краіны, на тэрыторыі якой знаходзяцца замежныя войскі. Бо гэта найбольш заўважная прыкмета абмежавання суверэнітэту.

Вось якраз з гледзішча захавання суверэнітэту Беларусі прапанова Лук’янава даволі небяспечная. І тое, што Лукашэнка, паўтараючы мантру пра непарушнасць незалежнасці, пачаў гуляць у гэтую гульню, стварае спрыяльную сітуацыю для рэалізацыі згаданай ідэі.

Нагадаю, што ў момант піку масавых пратэстаў мінулага году Лукашэнка прасіў Пуціна ўвесці на тэрыторыю Беларусі расійскія вайсковыя падраздзяленні. Прэзідэнт РФ даў загад падрыхтаваць неабходную рэзерву Расгвардыі.

Шматлікія беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі таксама прывучаюць грамадскую думку да факту вайсковай прысутнасці тут РФ.

30 ліпеня гэтага года Лукашэнка, жадаючы напужаць Захад, заявіў, што на тэрыторыі Беларусі могуць быць размешчаны расійскія войскі.

Пастаянныя разважанні Лукашэнкі пра пагрозы нападу на Беларусь з боку суседзяў, NATO — гэта таксама вялікая спажыва для расійскіх сілавікоў. Пра што, дарэчы, якраз і піша Лук’янаў. Маўляў, варта было б ухапіцца за словы Лукашэнкі і размясціць тут базу.

Такім чынам, рыторыка Лукашэнкі, які вырашае пытанне захавання асабістай улады, наконт заходніх ворагаў і расійскай вайсковай дапамогі, не такая бяскрыўдная рэч. Яна стварае адпаведную атмасферу. Якой можа скарыстацца Крэмль у сваіх карыслівых інтарэсах.