Латушка — чыноўнікам: Вы ўпэўненыя, што наступным «непажаданым» не будзеце вы самі?
Павел Латушка апублікаваў зварот да чыноўнікаў, якіх незаконна звальняюць.
Пачаўшыся ў асобных выпадках яшчэ ўвосені, «чысткі» прайшлі і працягваюцца ў Міністэрстве па падатках і зборах, Міністэрстве культуры, Міністэрстве замежных спраў, Дзяржаўным камітэце па маёмасці, «Мінскэнерга» і «Магілёўэнерга». Тут жа — «Мінгаз», «Белмытнясэрвіс», Упраўленне «Беларускай чыгункі» і нават МУС і Следчы камітэт. Нелегітымная ўлада не грэбуе звальняць па палітычных матывах і лекараў 2-й гарадской клінічнай бальніцы — на фоне пандэміі каранавіруса. Спіс арганізацый, якія закранулі рэпрэсіі, вельмі вялікі.
Калісьці Лукашэнка абяцаў паціснуць руку апошняму беларускаму прадпрымальніку. Але такімі тэмпамі ён пацісне руку яшчэ і апошняму сумленнаму дзяржслужбоўцу. Гэтае самадурства закранае як саміх звольненых, так і іх сем'і, блізкіх і сяброў. Вы ўпэўненыя, што наступным «непажаданым» не будзеце вы самі?
Я хачу звярнуцца да дзяржслужачых і чыноўнікаў Беларусі. Ён гатовы выкінуць вас, ператварыць вашу працу ў пыл.
Вы можаце маўчаць, сагнуць спіну, калені. Але вы можаце супрацьстаяць, бо ў вашых руках самая магутная зброя супраць падобнага бязмежжа — салідарнасць. Збярыце волю ў кулак, яднайцеся! Вы можаце рабіць гэта рознымі шляхамі. Уступайце ў незалежныя прафсаюзы. Абмяркоўвайце сітуацыю і стратэгію дзеянняў з калегамі, якім вы давяраеце. І падпішыце адкрыты ліст работнікаў дзяржкіравання за адстаўку Лукашэнкі. Вы можаце зрабіць гэта зусім бяспечна да 25 сакавіка.
Ведайце: вы не застанецеся адны. Вы можаце разлічваць на фінансавую падтрымку сумленных і смелых беларусаў праз «Хуткую ўзаемадапамогу» і іншыя сэрвісы. А тыя, хто трапіў пад палітычныя рэпрэсіі, могуць быць упэўненыя: пасля змены ўлады вы будзеце адноўлены на сваіх працоўных месцах і працягнеце займацца справай. Без страху выказваць сваё меркаванне. І гэта абавязкова здарыцца.