Лаўроў заявіў пра гатоўнасць Расіі разарваць стасункі з Еўрасаюзам

Расія «бачыць у дэмакратычных каштоўнасцях экзістэнцыяльную пагрозу», заявіў Барэль пасля сутстрэчы з Лаўровым, паведамляе «Свабода».

ae2d4a78_1a28_4c2d_9eef_b95a659dddea_w1023_r1_s.webp

Расія разарве адносіны з ЕС, калі ўбачыць санкцыі, якія пагражаюць эканоміцы, заявіў кіраўнік МЗС Расіі. Раней кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жазэп Барэль абвінаваціў улады Расіі ў адсутнасці гатоўнасці да дыялогу

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у пятніцу, 12 лютага, заявіў пра гатоўнасць Масквы разарваць адносіны з Еўрапейскім саюзам. Гэта адбудзецца, калі ўлады зноў убачаць, «што ў нейкіх галінах накладваюцца санкцыі, якія ствараюць рызыкі для нашай эканомікі, у тым ліку ў самых адчувальных сферах», заявіў ён у інтэрвію YouTube-каналу «Салаўёў Live».

«Мы не хочам ізалявацца ад сусветнага жыцця, але трэба быць гатовым да гэтага. Хочаш міру — рыхтуйся да вайны», — дадаў міністр.

Дачыненні Расіі і Еўрапейскага саюза ў апошнія тыдні абвастрыліся. МЗС Расіі 5 лютага аб’явіў персонамі нон грата трох супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў Нямеччыны, Польшчы і Швецыі. Расійскі бок абвінаваціў іх ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 23 студзеня ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Пазіцыя міністэрства выклікала крытыку ЕС, Вялікабрытаніі і ЗША. Берлін, Стакгольм і Варшава ў адказ паведамілі пра высылку траіх расійскіх дыпламатаў.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежнай палітыцы і бяспецы Жазэп Барэль пасля трохдзённага візіту ў Маскву абвінаваціў улады Расіі ў адсутнасці гатоўнасці да дыялогу. Падчас паездкі кіраўнік дыпламатыі ЕС сустрэўся з прадстаўнікамі расійскіх праваабарончых арганізацый і абмеркаваў з імі пратэсты ў краіне. Акрамя таго, Барэль правёў перамовы з кіраўніком МЗС РФ, на якіх настойваў на вызваленні апазіцыянера Аляксея Навальнага і расследаванні яго атручэння.

Сустрэча з Лаўровым пацвердзіла, што «Еўропа і Расія рухаюцца ў розныя бакі», заявіў еўрапейскі дыпламат. На яго думку, Расія «бачыць у дэмакратычных каштоўнасцях экзістэнцыяльную пагрозу». Барэль мае намер прапанаваць ўвесці санкцыі ў дачыненні да Расіі. Міністры замежных спраў дзяржаў ЕС абмяркуюць гэтае пытанне 22 лютага.