Упаўнаважаны па правах чалавека ў Расіі просіць даць Кудзіну палітычны прытулак
Упаўнаважаны па правах чалавека ў Расіі звярнуўся ў органы, каб Аляксея Кудзіна прызналі бежанцам альбо далі палітычны прытулак, паведамляе «Рэгіянальная газета».
Фонд спартыўнай салідарнасці атрымаў адказ ад Апарата Упаўнаважанага па правах чалавека ў Расійскай федэрацыі па справе Аляксея Кудзіна.
— У сувязі з тым, што вы ўказваеце ў звароце на магчымасць палітычна матываванага крымінальнага пераследу А. Кудзіна ў Рэспубліцы Беларусь і пагрозу фізічнай расправы над ім, прадстаўляецца магчымым зварот А. Кудзіна ў кампетэнтныя органы РФ з хадайніцтвам аб прызнанні яго бежанцам альбо аб прадстаўленні часовага прытулку ў Расійскай федэрацыі.
У лісце таксама паведамілі, што Апарат накіраваў ва Упраўленне па пытаннях міграцыі Галоўнага ўпраўлення МУС Расіі па Маскве хадайніцтва аб разглядзе пытання прадстаўлення Аляксею Кудзіну часовага прытулку ў Расіі. І рэкамендавалі Кудзіну самастойна звярнуцца ва Упраўленне з заявай аб прадастаўленні часовага прытулку ў Расіі, у якім «падрабязна выкласці падставы яго перасцярог стаць ахвярай пераследавання ў Рэспубліцы Беларусь».
Нагадаем, што 21 студзеня Аляксея Кудзіна затрымалі ў Маскве па запыце беларускіх уладаў. Чакаецца, што да 1 сакавіка будзе вырашанае пытанне пра яго экстрадыцыю ў Беларусь. Кудзін ужо напісаў зварот аб прадстаўленні ў Расіі палітычнага прытулку.