Лідар Партыі БНФ: Марнаваць свае сілы і энергію на ініцыятыву Статкевіча нам не цікава
Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што ягонай палітычнай сіле не вельмі цікавая ініцыятыва былога палітвязня Мікалая Статкевіча.

Пра гэта палітык заявіў БелаПАН, каментуючы стварэнне новай кааліцыі і пачатку грамадскай кампаніі з мэтай дэлегітымізацыі цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў і правядзенні новых, падае партал naviny.by.
Па словах Янукевіча, ён не бачыць практычнага сэнсу ў такой дзейнасці: «Усё, што накіравана на папярэджанне фальсіфікацый, я лічу пазітыўным. Калі людзі хочуць рабіць нешта ці хаця б проста на словах падымаць гэтую тэму, хай яны гэта робяць. Але нам марнаваць на гэта свае сілы і энергію не вельмі цікава. Відавочна, што гэтая праца абмяжуецца паўторам тых самых заяў, якія Партыя БНФ неаднаразова рабіла адносна таго, што гэтыя выбары нельга лічыць свабоднымі і справядлівымі».
Ён адзначыў, што праца па фіксаванні фальсіфікацый падчас выбарчага працэсу і без гэтага вядзецца ў межах кампаніі назірання «Права выбару». «Не бачу ніякага сэнсу кідацца і фактычна дзеля нейкага піяру ламаць гэтую працу па супрацьдзеянні фальсіфікацый, якая праводзіцца кампаніяй «Права выбару», — сказаў палітык.
Пры гэтым Янукевіч не выключыў каардынацыі дзеянняў з новай кааліцыяй, калі паўстане пытанне «аб нейкім абмене інфармацыяй, нейкіх практычных момантах».
28 жніўня на прэс-канферэнцыі былы палітвязень і кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010 годзе анансаваў пачатак грамадскай кампаніі, якая мае данесці да людзей, што выбары ўжо сфальсіфікаваныя.