Лідару сацыял-дэмакратаў Ігару Барысаву далі 15 сутак
Яго затрымалі напярэдадні на вачах у жонкі і дзіцяці, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Лідару Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігару Барысаву далі 15 сутак. Яго затрымалі на вачах у жонкі і дзіцяці 21 сакавіка. Ён ехаў у машыне з жонкай і 4-гадовай дачкой, калі іх машыну падрэзаў мікрааўтобус. Адтуль выскачылі людзі ў цывільным адзенні і пачалі біць па кузаве і вокнах у машыне. Барысаў добраахвотна пагадзіўся прайсці ў мікрааўтобус, але ў пратаколе, які склалі на палітыка, сказана, што ён аказваў непадпарадкаванне пры выхадзе з яго: «Адмаўляўся выходзіць са службовага аўтамабіля, упіраўся, паводзіў сябе задзірліва, хапаўся за кузаў машыны».
Сведка-міліцыянт на працэсе распавёў, што Ігара Барысава і зусім не затрымлівалі, а проста запрасілі праехаць у РУУС для высвятлення асобы.
Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызнаў Ігара Барысава вінаватым і прызначыў 15 сутак арышту.
tut.by