Літва можа ўвесці вакцыйныя візы для беларусаў і лічыць важным перайменаваць нашу краіну з Балтарусіі ў Беларусь

Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з новым міністрам замежных спраў Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам і віцэ-міністрам Мантасам Адаменасам.

 Lithuanian MFA

 Lithuanian MFA


Святлана падзякавала Літву за шырокую дапамогу Беларусі і выказала надзею, што новая адміністрацыя працягне працаваць у тым жа кірунку. Ландсбергіс, у сваю чаргу, падкрэсліў важнасць вызвалення палітычных зняволеных і падтрымаў свабодныя і сумленныя выбары, якія павінны прайсці ў Беларусі як мага хутчэй.
Літоўскі бок агучыў некалькі важных напрамкаў у далейшай падтрымцы Беларусі. Адно з іх — перадача для Беларусі еўрапейскай вакцыны супраць Covid пад кантролем офіса Святланы Ціханоўскай, праз прадстаўніка па медыцыне, які з'явіцца ў хуткім часе. Цяпер абмяркоўваюцца магчымасці рэалізацыі такой дапамогі, напрыклад, атрыманне так званай вакцыйнай візы ў Літве.
Міністр пацвердзіў намер Літвы актыўна прасоўваць санкцыі супраць рэжыму на нацыянальным і міжнародным узроўні. Літва будзе ўводзіць забарону на ўезд і выдачу віз для тых, хто ўдзельнічаў у фальсіфікацыях і ажыццяўляў іншыя злачынствы супраць беларусаў.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла «для нас важна, каб Літва спрасціла міграцыйныя правілы для беларусаў хоць бы ў 2021 годзе. Сотні беларусаў вымушаныя часова пражываць у Літве і іншых суседніх краінах. Варта ўлічваць патрэбы ў медыцынскай страхоўцы, часовым відзе на жыхарства і дазвол на працу, магчымасці легальна знаходзіцца ў Літве". Міністр Ландсбергіс запэўніў, што гэтыя пытанні вырашаюцца і знаходзяцца пад увагай прэм'ер-міністра Інгрыды Шымоніце.
У рамках універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі ў Літве будуць і далей узбуджаць крымінальныя справы, звязаныя з злачынствамі рэжыму. Ідзе праца над стварэннем каардынацыйнага цэнтра па ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Вільні.
Літва лічыць важным перайменаванне нашай краіны на літоўскай мове з Балтарусіі (Белай Русі) у Беларусь. Для гэтага беларускі бок (маецца на ўвазе, законнаабранае кіраўніцтва краіны) можа выступіць з такой прапановай – і яня будзе разгледжана ўрадам Літвы.
Таксама, у сувязі з вераснёвай пастановай Сейма Літоўскай Рэспублікі аб прызнанні Святланы Ціханоўскай законна абраным лідарам Беларусі, Літва будзе шукаць магчымасці па наданні афіцыйнага статусу офісу Ціханоўскай і прапанаваў заснаваць беларускае прадстаўніцтва ў Літве.
Паводле прэс-рэлізу