Літва не разглядае варыянт адклікання дыпламатаў з Беларусі

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што краіна пакуль не разглядае адкліканне амбасадара і іншых дыпламатаў з Беларусі ў адказ на дыпламатычныя крокі Мінска.



b608702__inistr_zakordonnikh_sprav__itvi__inas__inkjavichus.jpg

Лінас Лінкявічус сказаў журналістам:

"Мы дакладна не маем намеру адклікаць (амбасадара) на кансультацыі і дакладна не будзем нічога рабіць у пытанні скарачэння персаналу", перадае delfi.lt словы міністра замежных спраў Літвы.

"Мы не зацікаўленыя ў скарачэнні каналаў супрацоўніцтва, зносін, мы бачым, і мноства праблем у гэтым, і самі дакладна не будзем звяртацца да такой ініцыятывы, паколькі не бачым у гэтым карысці", — дадаў кіраўнік МЗС Літвы.

Лінас Лінкявічус зладзіў прэс-канферэнцыю неўзабаве пасля таго, як беларускае МЗС заявіла пра адкліканне паслоў для кансультацый з Літвы і Польшчы, ды прапанавала гэтым краінам скарыстацца прыкладам і скараціць колькасць дыпламатаў у іх пасольствах у Мінску.

Лінкявічус адзначыў, што Мінск сфармуляваў сваю пазіцыю як прапанову, а не патрабаванне. Ён сказаў, што гэтую заяву ён сустрэў са шкадаваннем і расчараваннем.

Кіраўнік МЗС Літвы адзначыў, што такога кроку можна было чакаць, з улікам ранейшай рыторыкі беларускага рэжыму, аднак гэты крок — прыкмета слабасці.

"Можна было чакаць, таму што такія пагрозы або папярэджанні гучаць ужо не ў першы раз (...), яны не раз заяўлялі, што скарыстаюць пэўныя меры, згадвалася нават і скасаванне дыпламатычных адносін, гэта, па меншай меры, у рыторыцы", — адзначыў Лінкявічус.

Кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства сказаў, што абмеркаваў гэты сумесны адказ з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Рау і інфармаваў Еўрапейскую службу знешніх сувязяў.