Лукашэнка: Беларусь будзе супрацоўнічаць з новай уладай Украіны
Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра гатоўнасць супрацоўнічаць з новай украінскай уладай. Такая заява прагучала ў чацвер падчас сустрэчы прэзідэнта з старшынёй Савета федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі Валянцінай Мацвіенкай і кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў, якія ўдзельнічаюць у першым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

«Ва Украіне абраны новы прэзідэнт. Я думаю, мы будзем супрацоўнічаць з новым прэзідэнтам, з новай уладай, таму што там жыве наш народ, там жа такія, як мы, людзі, добрыя, працавітыя, але вось патрапілі ў такую сітуацыю», — адзначыў Лукашэнка. «Вядома, мы можам адмахнуцца ад іх, але людзі яшчэ больш пацерпяць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу на тое, што ўмацаванне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва будзе магутнай асновай і лакаматывам для любой інтэграцыі на постсавецкай прасторы і да гэтага працэсу неабходна далучаць і рэгіёны Казахстана і Украіны, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.