Лукашэнка пагражае перакрыць пастаўкі газу ў Еўропу
Лукашэнка сёння прыгразіў Еўропе перакрыццем паставак газу па трубаправодзе «Ямал-Еўропа» ў адказ на пяты пакет санкцый, які можа быць абвешчаны ў бліжэйшыя тыдні. Асаблівую незадаволенасць Лукашэнкі выклікала прапанова Польшчы закрыць пункты пропуску на мяжы ў адказ на міграцыйны крызіс.
«Мы сёння павялічылі праз Беларусь прапампоўку газу, запоўнены "Ямал-Еўропа". Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць перш, чым гаварыць. Але гэта іх справа. Зачыняць — няхай зачыняюць. Але МЗС павінен папярэдзіць усіх у Еўропе: калі толькі яны яшчэ ўвядуць нам санкцыі дадаткова, “непераварымыя” і “непрымальныя” для нас, мы павінны адказваць. Як адказваць, мы з вамі дамаўляліся паўгода таму», — сказаў Лукашэнка, перадае REFORM.by са спасылкай на яго прэс-службу.
Лукашэнка нагадаў прэм'ер-міністру Раману Галоўчанку, што дараваць нічога ў рамках санкцый нельга. Ён упэўнены, што Беларусь сама можа закрыць транзіт для палякаў і немцаў.
«Занадта шмат нас пачалі палохаць пятым пакетам. На гэты пяты пакет, Раман Аляксандравіч, вам было даручэнне: мы ім дараваць нічога не павінны. Польшча нас палохае, што закрые мяжу. Калі ласка, зачыняйце: менш збеглых туды будзе перамяшчацца. Пытанне не ў гэтым. Я проста паслухаў гэтых мярзотнікаў, якія наогул безгаловыя. А калі мы закрыем транзіт праз Беларусь? Праз Украіну не пройдзеш: там расійская мяжа закрытая. Праз Прыбалтыку туды да Эстоніі дарог няма. Калі мы закрыем для палякаў і, да прыкладу, для немцаў, што будзе тады? Мы не павінны, абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць, спыняцца — ні перад чым», — сказаў ён.
Варта адзначыць, што «Газпрам» скараціў істотна скараціў транзіт газу праз газаправод «Ямал-Еўропа» і пачаў запампоўваць газ у новы газаправод «Паўночны паток — 2». А перакрыццё любога транзіту, газавага або аўтамабільнага, праз Беларусь закранае інтарэсы трэціх краін, у тым ліку Расіі і Кітая.
Падчас нарады Лукашэнка таксама даручыў сачыць за войскамі Польшчы ля мяжы і заявіў, што запрасіў Расію даслаць стратэгічныя ядзерныя бамбавікі, якія будуць патруляваць у небе. Ён даручыў паклапаціцца пра мігрантаў у лагеры ля польскай мяжы, а таксама папярэдзіў, што ў лагер спрабуюць закінуць зброю.