У Еўропе адрэагавалі на пагрозу Лукашэнкі перакрыць газ

Еўракамісар па эканоміцы Паола Джэнтылоні заявіў, што пытанні бяспекі паставак газу ў краіны ЕС ўключаць у першую абаронную канцэпцыю Бруселя, якую зацвердзяць ў 2022 годзе.

Паола Джэнтылоні

Паола Джэнтылоні


«У пытаннях паставак газу мы павінны максімальна выкарыстоўваць нашы адносіны з краінамі-пастаўшчыкамі — дзяржавамі Афрыкі, Нарвегіяй, Расіяй, — і мы не дазволім Лукашэнку запалохаць нас сваімі пагрозамі», — выказаўся сёння Джэнтылоні на прэс-канферэнцыі ў Бруселі, паведамляе ТАСС.
Нагадаем, падчас сённяшняй нарады Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць перакрыць газаправод «Ямал-Еўропа» ў выпадку ўвядзення санкцый.
«Мы абаграваем Еўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамендаваў думаць перш, чым гаварыць», — сказаў ён.