Што стаіць за пагрозамі Лукашэнкі перакрыць Еўропе транзіт газу? Адказвае Валерый Карбалевіч

На чацвёрты дзень, як рэзка абвастрыўся мігранцкі крызіс на мяжы, сітуацыю пракаментаваў Лукашэнка. Падчас нарады з урадам ён выклаў цэлую праграму пагроз на адрас суседзяў і Еўрасаюза ў цэлым, піша ў аўтарскай калонцы на «Свабодзе» палітолаг Валерый Карбалевіч.

05450000_0a00_0242_1666_08d9890d718c_w1023_r1_s.jpg

Тое, што Лукашэнка будзе ісці па шляху эскалацыі, падвышэння ставак, было відавочна. Бо інакш не варта было распачынаць гэтую спецаперацыю. Ён цяпер адзіны ўдзельнік гэтага канфлікту, якому няма чаго губляць.

У прынцыпе няцяжка было пралічыць, якія інструменты афіцыйны Мінск можа выкарыстаць. Пра пагрозу закрыць транзіт праз Беларусь Лукашэнка гаварыў і раней. А вось магчымым перакрыццём газаправоду Ямал — Еўропа пагражаў Еўропе ўпершыню. І ў першым, і ў другім выпадку патрэбная згода Расіі. Пры такім развіцці падзей Маскве ўжо не ўдасца застацца ўбаку і казаць, што мы ні пры чым.

А яшчэ Лукашэнка папрасіў Расію далучыць стратэгічную авіяцыю да дзяжурства на межах Беларусі і «саюзнай дзяржавы».

Асабліва злавесна і заблытана выглядае сюжэт са зброяй для мігрантаў: «Пайшлі спробы перакідання зброі, боепрыпасаў і выбухоўкі гэтым людзям у лагеры. Апошнія двое сутак перакідаюць зброю. Зброя ў асноўным ідзе (мы з расіянамі трымаем на кантролі гэтае пытанне, з Пуціным размаўлялі на гэтую тэму) з Данбасу. Ідзе зброя для чаго? Тут хочуць зладзіць правакацыю. Сутыкнуць ілбамі нашых памежнікаў з іхнымі, нашых вайскоўцаў з іхнымі. Таму вымушаныя па перыметры цяпер кантраляваць сітуацыю, каб ім не закінулі зброю».

Пра тое, што ў мігрантаў можа аказацца зброя, Лукашэнка казаў яшчэ летам. Цяпер пра гэта сцвярджаецца як пра здзейснены факт — ці як толькі пра спробы? Пры гэтым ён дадае, што «мы з расіянамі трымаем на кантролі гэтае пытанне».

Ці выйшла сітуацыя з-пад кантролю? Зброя ідзе з Данбасу — праз Расію ці праз Украіну? І хто хоча «зладзіць правакацыю»? Няўжо самі палякі супраць саміх сябе?

Тут фактчэкінг не мае значэння, галоўнае — нагнаць страху, напужаць. Але, паколькі Лукашэнка ўзгадвае пра мігрантаў са зброяй другі раз, то, відаць, гэтая ідэя віруе недзе ў галовах людзей з пагонамі ці без пагонаў. Таму гэта не толькі блеф, тут нейкую правакацыю нельга выключаць. Бо яшчэ мінулым годам шмат хто заўважыў, што калі Лукашэнка кажа пра магчымую правакацыю, то яна дзіўным чынам неўзабаве здараецца.

І яшчэ важны момант. Лукашэнка даў загад размясціць у санаторыях жанчын з дзецьмі, якіх шмат сярод мігрантаў, цяжарных жанчын пакласці ў шпіталь, а таксама даручыў падвезці мігрантам сухіх дроў. То бок варта рыхтавацца да доўгай эпапеі знаходжання гэтых людзей на беларускай тэрыторыі. І ўлады гатовыя часткова ўзяць забеспячэнне іх жыццядзейнасці на свой кошт. Бедная Еўропа не можа гэтага зрабіць, а багатая Беларусь пакажа прыклад, як трэба ставіцца да гасцей.