Лукашэнка прызначыў новага памочніка па агульных пытаннях
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Мікалая Латышонка памочнікам прэзідэнта па агульных пытаннях.

Раней гэтую пасаду займаў Мікалай Корбут, які 23 студзеня быў прызначаны намеснікам дзяржаўнага сакратара — членам пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Мікалай Латышонак нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Забор'е Мёрскага раёна. Пасля тэрміновай службы ва ўзброеных сілах СССР ён паступіў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча, якое скончыў у 1988 годзе. У 2011-м атрымаў дыплом Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі. З 1988 па 1993 гады праходзіў службу ва ўзброеных сілах на тэрыторыі Казахстана, а затым да 1995 года ў пагранічных войсках Беларусі. У 1995 годзе ён перайшоў у Службу бяспекі прэзідэнта Беларусі. Тут ён прайшоў шлях ад старшага афіцэра да начальніка ўпраўлення асабістай аховы. Са жніўня 2017 года быў у запасе. Узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме", медалямі "За бездакорную службу" I, II, III ступеняў.
belapan.com