Лукашэнка сустрэўся з сілавікамі і паглядзеў на трэніроўку разгона дэманстрацыі (відэа)
Кіраўнік Беларусі 28 ліпеня наведаў вайсковую часць 3214 унутраных войскаў МУС ва Уруччы ў Мінску, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
У брыгадзе спецназа Аляксандра Лукашэнку сустрэлі міністр унутраных спраў Юрый Караеў, яго намеснік — камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка, камандзір вайсковай часці 3214 Уладзімір Жызнеўскі, камандзір САХРа Аляксандр Быкаў і камандзір АМАПу ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бачыў кадры адной з вулічных акцый у Мінску, дзе людзі нападаюць на міліцыю і некаторыя з іх б'юць праваахоўнікаў нагамі. «Вось гэтага вы не павінны дапускаць. Хлопцы павінны разумець, што яны ў сваім доме і нікому не дазволена іх штурхаць нагамі. Ні ў якім разе на правакацыі не ісці, але не крыўдзіць хлопцаў. А то мы хутка даскачамся, будзем няньчыцца, як у дзіцячым садзе», — сказаў ён, звяртаючыся да камандзіра АМАПа Дзмітрыя Балабы.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі ваеннай тэхнікі, якія стаяць на ўзбраенні ўнутраных войскаў і АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама, затым яму прадэманстравалі тактыка-спецыяльны занятак з батальёнам спецыяльнага прызначэння. Яго фрагмент паказалі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Аляксандр Лукашэнка таксама пабываў у нядаўна пабудаваным на тэрыторыі часці інтэрнаце.
Падчас наведвання часціі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам і асабістым складам ведамстваў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
«Пабываўшы нядаўна ў 38-й дэсантна-штурмавой і 103-й паветрана-дэсантнай брыгадах, 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння, я ўбачыў добра абсталяваныя мабільныя воінскія падраздзяленні, якія адказваюць духу часу. У чарговы раз пераканаўся ў правільнасці курсу на стварэнне надзейнай сістэмы нацыянальнай бяспекі», — падкрэсліў беларускі лідар.
Лукашэнка нагадаў пра пачатак 90-х гадоў, развал Савецкага Саюза і першых кроках Беларусі да суверэнітэту і незалежнасці. «Тады бяздумна разбураліся сілавыя органы і ператваралася ў металалом баявая тэхніка, масава звальняліся высакакласныя ваенныя прафесіяналы, вымушаныя дзеля харчавання сваіх сем'яў згаджацца на самую нізкааплатную працу. Грашовае забеспячэнне афіцэраў, якія засталіся ў армейскім страі, скарацілася ў некалькі разоў. Камандзір узвода ў тыя гады атрымліваў да 15 долараў, камандзір палка — 35 долараў», — адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускае войска сёння — гэта кампактныя Узброеныя Сілы, створаныя па прынцыпе абароннай дастатковасці і здольныя самастойна забяспечыць ваенную бяспеку дзяржавы.
Лукашэнка адзначыў, што абаронны патэнцыял краіны пастаянна ўмацоўваецца. Беларускі кіраўнік таксама заявіў аб далейшай падтрымцы вайскоўцаў з боку дзяржавы.
«Першае месца ў забеспячэнні жыллём у будучай пяцігодцы будзе: А — шматдзетным, Б — ваеннаслужачым, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Будзем рабіць усё для таго, каб вы жылі не горш».