Лукашэнка заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны

Сёння Лукашэнка наведвае Гродна, сярод іншага ён там адзначыўся чарговымі заявамі на тэму імавернай вайны. Паводле слоў дыктатара, Беларусь да яе рыхтуецца. Праўда, выказаўся ён чарговы раз каснаязыка, і зразумець яго можна па-рознаму.

Фота Мінабароны

Фота Мінабароны

«Нікому не верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу адкрыта. «Хочаш міру — рыхтуйся да вайны» — не я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана», — заявіў Лукашэнка.

Яго прэс-служба перадае, што ён таксама сказаў, нібыта «у краіне вядзецца неабходная падрыхтоўка адпаведных падраздзяленняў, у войскі пастаўляюцца розныя віды ўзбраенняў і тэхнікі».

«Калі адтуль (з недружалюбных краін) хтосьці падвывае і нас крытыкуе, ведайце: мы робім правільна. Калі там нас пачнуць хваліць — бяда», — сказаў беларускі дыктатар.

Ён падкрэсліў, што Беларусь нікому нічым не пагражае: «Нам не трэба камусьці пагражаць. Мы не хочам чужой зямлі. Нам гэтую дай бог апрацаваць».

Звяртаючыся да спецыяльна адабраных жыхароў Гродна, які знаходзіцца непадалёк ад межаў з ЕС, Лукашэнка сказаў: «Вы нашы. Мы вас нікому не аддамо». Ён распавёў дзіўную гісторыю, які нібыта некалі яго гарадзенцы прасілі вырашыць пытанне з перасячэннем мяжы, каб з памежжа можна было ездзіць у суседнія краіны да сваякоў. І гэта, адзначае прэс-служба, было зроблена з беларускага боку. Ніякіх доказаў прыведзена не было, межы з заходнімі краінамі, як вядома, былі адкрытыя пасля падзення савецкай жалезнай заслоны.


Глядзіце таксама

Кажучы пра праблемы з Захадам, якія паўсталі пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе, Лукашэнка заявіў: «Мы гэта перажывем. Мы хочам мірнага жыцця. Я паўтараю ўвесь час: нам чужога не трэба. Чужы кусок ірве раток. Так у народзе казалі, я гэта засвоіў са свайго вясковага жыцця. Я не хачу нічога чужога. І заўсёды кажу: не крані чужое, бокам вылезе. І вам хачу завяшчаць: чужога не краніце. Рана ці позна гэта ператворыцца ў катастрофу».

Атрымліваецца, што Лукашэнка рыхтуе Беларусь да вайны, але чужога яму не трэба. Пры гэтым відавочна, што і «страшнае» НАТО не збіраецца ні на кога нападаць.

Гэта не першая мілітарысцкая рыторыка ад Лукашэнкі за апошні час. Якраз сёлета ён на тэмы гіпатэтычнай вайны выказваецца рэгулярна. Што стаіць за яго словамі — звычайнае лукашэнкаўскае пустаслоўе ці нешта большае — сказаць цяжка.