Лукашэнка заявіў, што абмяркоўваў з Парашэнкам затрыманні ўкраінцаў у Беларусі

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што дамовіўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам не надаваць агалосцы затрыманні ўкраінцаў у Беларусі, але, паводле яго слоў, украінскі бок "парушыў дамоўленасць".

Фота: EPA

Фота: EPA

Аляксандр Лукашэнка ведаў аб затрыманні ў краіне ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка, якога падазраюць у шпіянажы, і іншых грамадзян Украіны. Пра гэта ён сказаў пад час размовы з журналістамі ў Гомельскай вобласці, піша БЕЛТА.
Лукашэнка сказаў, што "з першага да апошняга дня аперацыі па нейтралізацыі шпіёнскай сеткі" ён быў у курсе падзей.
Паводле слоў Лукашэнкі, затрыманне ўкраінцаў ён абмяркоўваў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам падчас сустрэчы ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах ў пачатку лістапада. Лукашэнка заявіў, што на пытанне Парашэнкі "адказаў фактамі".
Ён таксама сказаў, што дамовіўся з Парашэнкам не надаваць затрыманне агалосцы, але, паводле яго слоў, украінскі бок "парушыў дамоўленасць".
Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што не варта шукаць у затрыманні ўкраінцаў "расійскі след".
За апошнія тры месяцы на тэрыторыі Беларусі быў затрыманы шэраг грамадзян Украіны. У прыватнасці, 24 жніўня ў Гомелі супрацоўнікі ФСБ Расіі выкралі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба. 17 лістапада кіраўнік Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія паведаміў, што ў Беларусі затрымалі журналіста "Українського радіо" Паўла Шаройку. 20 лістапада стала вядома пра затрыманне дырэктара ўкраінскага ПАО "Завод уцяжарвальнікаў" Аляксандра Скіба, які прыехаў у камандзіроўку на Мінскі трактарны завод.
20 лістапада Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі паведаміў, што дарадца амбасады Украіны ў Беларусі Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон-грата. Ён нібыта ажыццяўляў каардынацыю "разведвальнай дзейнасці" журналіста Шаройкі, які, згодна з абвінавачваннямі КДБ, з'яўляецца "кадравым супрацоўнікам ГУВ Мінабароны Украіны". У гэты дзень афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі Дзмітрый Пабяржын заявіў на брыфінгу, што Шаройка быў затрыманы за шпіянаж і нібыта прызнаўся ў кіраванні дзейнасці выведкі.У сувязі з тым, што Беларусь абвясціла Скварцова персонай нон грата, Украіна выслала беларускага дыпламата з краіны.