«Моладзь БНФ» і «ЗБС» аб'явілі кампанію супраць БРСМ

Моладзевае крыло Партыі БНФ «Моладзь БНФ» і ініцыятыва «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» пачынаюць кампанію «Свабодны выбар», якая скіраваная супраць манаполіі БРСМ у сфэры моладзевай палітыкі, піша Радыё Свабода.


anti_brsm_1.jpg


Кампанія, паведамляе БелаПАН, звязана са з'яўленнем у медыя вялікай колькасці негатыўных навінаў пра БРСМ, у прыватнасці пра тое, што студэнтаў ня толькі прымушаюць уступаць у саюз і плаціць унёскі, але і неафіцыйна забараняюць выхад з яго пад пагрозай адлічэння з ВНУ.
Сярод праблем, якія пацвярджаюць манаполію БРСМ, арганізатары кампаніі «Свабодны выбар» называюць: дзяржаўныя датацыі на карысць саюзу; непразрыстасць яго дзейнасці (цэнтралізаванае кіраванне, адсутнасць фінансавай справаздачнасці ў адкрытым доступе); факты прымусовага ўступлення; манапалізацыю ўніверсітэцкіх органаў самакіравання і моладзевых парламентаў.
«Гэтыя і многія іншыя факты паказваюць, што БРСМ сёньня зьяўляецца не арганізацыяй, якая прадстаўляе і абараняе інтарэсы моладзі, а звычайным рупарам дзяржаўнай прапаганды зь велізарным адміністрацыйным рэсурсам, які існуе на бюджэтныя грошы», — лічаць ініцыятары кампаніі.
На думку моладзевых арганізацый, цяперашні БРСМ павінен быць пазбаўлены манаполіі ў моладзевай сферы. Замест гэтага неабходна правесці глабальную рэформу моладзевай палітыкі.
Неад'емнай часткай моладзевай палітыкі ініцыятары кампаніі называюць моладзевы парламентарызм і студэнцкае самакіраванне.
«Цяпер большасць гэтых структур штучна створаныя і працуюць чыста дэкаратыўна: у моладзевых парламентах няма дыялогу, а цяперашнія органы студэнцкага самакіравання не з'яўляюцца рэпрэзэнтатыўнымі і не адпавядаюць нормам Балёнскага працэсу», — гаворыцца ў паведамленьні.